Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане адкрыўся маштабны экалагічны форум

Настаў час, каб канкрэтна адказаць на заклік папы Францішка да абароны агульнага дому, пакуль яшчэ не запозна, сказаў кардынал Пьетра Паралін.

У Ватыкане адкрыўся маштабны экалагічны форум. Ініцыятарам трохдзённай канферэнцыі, якая распачалася 5 ліпеня 2018 г., выступіла Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Нагодай паслужыла трэцяя гадавіна публікацыі энцыклікі Францішка “Laudato si’”.

На думку Дзяржсакратара Яго Святасці Папы, які выступіў на яго адкрыцці, галоўная каштоўнасць энцыклікі “Laudato si’” у тым, што яна здолела праліць святло на прынцыповыя рысы экалогіі – інтэгральнасць і духоўнасць.

“[Усё, паводле Францішка, узаемазвязанае, вось чаму “заклік зямлі” глыбока звязаны з “крыкам бедных]”

, - адзначыў кардынал Паралін. У сувязі з гэтым ён працытаваў папскі дакумент, які сцвярджае, што “ўсе мы можам супрацоўнічаць як прылады Бога ў клопаце аб стварэнні, кожны са сваёй культурай і досведам, сваімі ініцыятывамі і магчымасцямі”.

“Энцыкліка з’яўляецца сапраўды своечасовым адказам на адзін з найбольш неадкладных выклікаў, з якімі сутыкнулася сучаснае чалавецтва, а менавіта, на магчымы калапс таго дому, які падтрымлівае нас і ўсе формы жыцця”, – заўважыў іерарх.

Кажучы пра “евангелле” стварэння, энцыкліка “Laudato si’” падкрэслівае глыбокае духоўнае вымярэнне экалагічнага дыскурсу. На думку бліжэйшага супрацоўніка Папы, занядбаны стан навакольнага асяроддзя, як і панаванне ў грамадстве культуры адчужэння, – гэта паказчыкі і адначасова вынікі нашых скажоных, пазбаўленых гармоніі адносін з Богам.

“[Мы павінны неадкладна змяніць наша разуменне чалавечага прагрэсу і спосаб кіравання эканомікай і ладам жыцця]”

, - выказаў перакананне кардынал Паралін.

Сусвет – не выпадковасць, а вынік свядомага дзеяння Бога, падораны чалавецтву, нагадаў іерарх. “Чалавецтва не ўяўляе сабой дадатак. У Бога не было двух праектаў: маўляў, спачатку – сусвет, а потым – чалавецтва. Мужчына і жанчына створаны на вобраз і падабенства Бога, яны – унутрана ўласцівая частка сусвету, і іх пакліканне ў тым, каб карыстацца і падтрымліваць стварэнне”, - сцвердзіў кардынал Паралін, дадаўшы, аднак, што гэта не значыць, панаваць і вынішчаць.

“[Такія паводзіны – здзек над годнасцю і павагай да Божага дару]”

, – перасцярог ён.

Такім чынам, энцыкліка заклікае дбаць пра адносіны з Богам, іншымі людзьмі і навакольным асяроддзем, усведамляць сваю ролю саўдзельніка ў Божай справе стварэння і, нарэшце, браць адказнасць за ўсю працу Бога, “Які не адварочвае твару ні перад бедным, ні перад багатым, ні перад прыродным, ні перад чалавечым, ні сёння, ні ў будучым”, падсумаваў кардынал Паралін.

Ён пажадаў удзельнікам форуму выпрацаваць канкрэтныя шляхі дзейнасці па абароне навакольнага асяроддзя. “Усе мы ўсведамляем, якое доўгае і складанае падарожжа нас чакае, аднак мы маем вельмі добры компас, які будзе накіроўваць нас, – энцыкліку “Laudato si’”, - заключыў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 ліпеня 2018, 13:25