Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сакратар камісіі “Ecclesia Dei” пра “пратэстантызацыю” літургіі

Сакратар Папскай камісіі “Ecclesia Dei” выказаўся на тэму “пратэстантызацыі” літургіі і недастатковага акцэнтавання рэальнай прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі.

Секулярызацыя тэалогіі і хрысціянскага жыцця стала вырашальным фактарам, які ператварыў саму літургію ў “актыўнасць” і ў канкрэтныя формы яе цэлебрацыі, без акцэнтавання яе сакральнага вымярэння і цэнтральнага месца, якое павінна займаць рэальная прысутнасць Хрыста, заўважыў арцыбіскуп Гвіда Поца. На яго думку, гэта прывяло да “пратэстантызацыі” каталіцкай літургіі. Ватыканскі іерарх выступіў на міжнародным семінары “Ars Celebrandi” ў польскім Ліхэні.

“[Не існуе ніякіх сумненняў у тым, што “Vetus Ordo” з’яўляецца каштоўным і бясспрэчным укладам у разуменне літургіі як Божага твору, у якім удзельнічае ўвесь Касцёл]”

, - сказаў арцыбіскуп Поца.

Ён таксама звярнуў увагу на асаблівую ролю латыні: “Вельмі важна, вярнуць оratio св. Імшы ўсю яе сакральнасць, якая ў рэшце рэшт у ёй змяшчаецца, уключаючы ў гэта ўласцівую лацінскай мове экспрэсію”.

Іерарх звярнуў увагу на неабходнасць нанова адкрыць каталіцкую дактрыну аб рэальнай і істотнай прысутнасці Хрыста пад выглядам хлеба і віна. Да апошняга Сабору засяроджанасць на праўдзе аб рэальнай прысутнасці была нечым натуральным. “Пасля літургічнай рэформы 70-х гадоў іншая думка заняла цэнтральнае месца. Св. Імшу пачалі разумець як акт Божага народа, дзеянне супольнасці, што актыўна ўдзельнічае ў розных функцыях”, - патлумачыў госць з Ватыкана.

Арцыбіскуп адзначыў, што літургічная рэформа суправаджалася ваколсаборнай ідэалогіяй, а яе канкрэтная рэалізацыя нярэдка была звязана з адхіленнямі, скажэннямі і злоўжываннямі.

“[З упэўненасцю можна сказаць, што не з’яўляецца другаснай рэччу той факт, што атмасфера літургічнай рэформы суправаджалася канкрэтным культурным кантэкстам, глыбока адзначаным секулярызацыяй]”

, - сцвердзіў Сакратар Папскай камісіі “Ecclesia Dei”.

Ён лічыць, што дакумент “Summorum Pontificum” Бэнэдыкта XVI адыграў важную ролю ў разуменні таго, што “usus antiquior” Рымскай літургіі варта разглядаць як каштоўны скарб, які неабходна адкрыць для ўсіх вернікаў, каб захаваць сапраўднымі веру, літургію і любоў.

Спасылаючыся на спрэчкі, звязаныя з ажыццяўленнем паслясаборнага літургічнага абнаўлення, арцыбіскуп Поца сказаў, што яны не могуць ставіць пад сумнеў імшалу Паўла VI, трэцяе выданне якога з’явілася падчас пантыфікату Яна Паўла II. “Я думаю, варта пазбягаць асуджэння двух форм: звычайнай і надзвычайнай на аснове выключна іх знешніх характарыстык”, - заявіў ватыканскі іерарх.

Папская камісія “Ecclesia Dei” з’яўляецца ўстановай Святога Пасаду, якая займаецца клопатам аб католіках, што практыкуюць класічную форму рымскага абраду і іншыя традыцыйныя лацінскія літургічныя абрады.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 ліпеня 2018, 13:15