Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Чакаецца прызначэнне новага Камерленга Святога Рымскага Касцёла

Са смерцю кардынала Жан-Луі Тарана 5 ліпеня 2018 г. у Каталіцкім Касцёле не стала Камерленга, кардынала, які кіруе Святым Пасадам ад смерці або адстаўкі Папы да выбару яго пераемніка.

Зараз чакаецца новае прызначэнне з боку Францішка. У мінулым, гэту пасаду займаў звычайна Дзяржсакратар Яго Святасці, але гэтага правіла Пантыфікі прытрымліваліся не заўсёды.

Тэарэтычна, Святы Айцец можа не прызначаць Камерленга. Падобны прэцэдэнт ужо быў падчас пантыфікату Пія XII, які пасля смерці тагачаснага кардынала Ларэнца Лауры, які быў Камерленга ў 1939-41 гг., не прызначыў яго пераемніка. Толькі, калі Папа памёр 9 кастрычніка 1958 г., кардыналы абралі новага Камерленга, кардынала Бэнэдэта Алаізі Мазэла, які выконваў гэту функцыю да 30 верасня 1970 г.

Пасада Камерленга з’яўляецца адной з двух самых высокіх у Касцёле (разам з Дзяржсакратаром), якія захоўваюцца са смерцю або адстаўкай Папы. Падчас “sede vacante” гэта менавіта ён кіруе фінансамі і ўласнасцю Касцёла.

Больш канкрэтна задачы і функцыі Камерленга вызначаюць дзве Апостальскіх канстытуцыі св. Яна Паўла II: “Pastor Bonus” з 1988 г. і „Universi dominici gregis” з 1996 г. У пункце 17 першага дакумента гаворыцца, што Камерленга Святога Рымскага Касцёла павінен афіцыйна сцвердзіць смерць Папы і апячатаць яго кабінет і кватэру, а затым зрабіць тое ж з усімі папскімі апартаментамі. Менавіта ён адказвае за апавяшчэнне пра смерць Святога Айца кардынала-вікарыя Рыма, які, у сваю чаргу, афіцыйна перадае гэту навіну жыхарам горада. Таксама ў яго часовае валоданне пераходзіць Апостальскі палац у Ватыкане, а таксама палацы на Латэране і ў Кастэль Гандольфа.

У выкананні ўсіх гэтых задач, звязаных з часовым кіраваннем Касцёлам падчас “sede vacante”, Камерленга падтрымліваюць тры кардыналы-асістэнты.

Пасля прызначэння на пасаду, новы Камерленга складае прысягу перад Папам, пасля чаго атрымлівае ад яго спецыяльнае жазло. Цяперашняе, пакрытае залатым аксамітам, паходзіць з пантыфікату Бэнэдыкта XV, пачатку ХХ стагоддзя.

З часоў Паўла VI чарговымі Камерленга былі кардыналы: Бэнэдэта Алаізі Мазэла (1958-1970 гг.), Жан Віё (1970-1979 гг.), Паола Бэртолі (1979-1985 гг.), Себасц’яна Баджо (1985-1993 гг.), Эдуарда Марцінес Сомало (1993- 2007 гг.), Тарчызіа Бэртонэ (2007-2014 гг.) і Жан-Луі Таран (2014-2018 гг.).

Навіна ў фармаце аўдыё
26 ліпеня 2018, 13:24