Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал падтрымаў заклік Папы да малітвы за святароў

На складаны культурны кантэкст, што можа прывесці да праблем у святарскім жыцці, звярнуў увагу Прэфект-эмерыт Кангрэгацыі па справах Духавенства.

Кардынал Маўра П’ячэнца, каментуючы малітоўную інтэнцыю Папы на ліпень, адзначыў таксама патрэбу асабістай малітвы кожнага святара, а таксама вернікаў у інтэнцыі сваіх пастыраў.

Францішак заклікаў маліцца, “каб святары, якія перажываюць сваё душпастырскае служэнне з цяжкасцю і ў самоце, праз сяброўства з Панам і братамі адчувалі дапамогу і суцяшэнне”.

Прэфект-эмерыт Кангрэгацыі па справах Духавенства падкрэсліў, што Езус хоча быць побач з сваім народам, у тым ліку і праз святароў. Для таго, каб гэта адбылося, пастыры павінны жыць сяброўствам з Езусам і Яго братамі, да чаго заклікае Францішак. Паколькі ў жыцці Хрыстовага слугі бываюць складаныя часы.

“Святар перажывае моманты вельмі цяжкія, але не таму, што святарства выходзіць з ужытку. Гэта на самой справе і культурны кантэкст, дзе ўсё адносна і няма нічога абсалютнага, дзе не глядзяць увышыню. У гэтай сітуацыі ўсё можа здацца вялікім хаосам, а святар – непатрэбным”

, - сказаў кардынал П’ячэнца.

На думку іерарха, які зараз з’яўляецца кіраўніком Апостальскай пенітэнцыярыі, у такой сітуацыі неабходная, перш за ўсё, малітва, што падтрымлівае і ўмацоўвае пастыра, які, магчыма, у дадзеным кантэксце адчувае сябе адзінокім. “У такой атмасферы святар можна лічыцца практычна бескарысным, а сам ён можа адчуваць сябе непатрэбным. Гэта стала б для яго вялікай трагедыяй”, - сказаў кардынал.

Іерарх перасцярог святароў ад страты адносін з Богам. Калі іх не хапае, лёгка ўпасці. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў велізарную ролю асабістай малітвы кожнага святара, вяршыняй чаго з’яўляецца Эўхарыстыя.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 ліпеня 2018, 14:18