Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сустрэча ў Бары: Патрыярхі ўдзячныя Папу за ініцыятыву

Патрыярхі ўдзячныя Папу за ідэю агульнай малітвы за Блізкі Усход, якая пройдзе ў Бары 7 ліпеня 2018 г., паведаміў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Прадстаяцелі Цэркваў просяць, у той жа час, не заахвочваць хрысціян да выезду са сваіх краін, а, наадварот, дапамагаць ім у магчымасці застацца на радзіме. Кардынал Курт Кох паведаміў, што ідэя такой супольнай малітвы за мір на Блізкім Усходзе была вельмі станоўча ўспрынята Усходнімі Цэрквамі. Многія Патрыярхі пажадалі асабіста прыняць у ёй удзел. Тыя, хто не можа, скіруюць сваіх дэлегатаў.

“[Пра экуменічную сустрэчу ў Бары Францішак думаў ужо на працягу доўгага часу. Цяпер вырашыў, што настаў час для гэтага]”

, - прызнаўся ватыканскі іерарх.

Кардынал Кох адзначыў, што праз сустрэчу ў Бары прадстаяцелі Цэркваў хочуць унесці свой уклад у вырашэнне крызісу на Блізкім Усходзе. Яны даюць тое, што ў іх ёсць, – сваю малітву. Яны давяраюць Богу ўсе праблемы і пакуты, просячы Яго ўзяць на сябе ініцыятыву.

“[Таму што толькі Бог можа навярнуць сэрцы дыктатараў, толькі Ён можа змяніць думкі палітыкаў]”

, - сказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Іерарх, адказны з боку Святога Пасаду за экуменізм, падкрэсліў, што Папу асаблівым чынам непакоіць сыход хрысціян з Блізкага Усходу. Францішак ведае, што мы ўжо страцілі вельмі шмат у гэтым плане. У многіх месцах ад хрысціянства засталіся толькі камяні. Таму важна забяспечыць вызнаўцам Хрыста ўмовы для далейшага існавання на Блізкім Усходзе. Аб гэтым просяць таксама і Патрыярхі, паведаміў кардынал Кох.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 ліпеня 2018, 11:33