Бэта версія

Cerca

Vatican News
Падчас экуменічнай малітвы ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе ў Бары Падчас экуменічнай малітвы ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе ў Бары  (AFP or licensors)

Кардынал-прэфект: няхай свет пачуе пасланне з Бары

“На адзін дзень Бары ператварыўся ў другі Асізі”: кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, падзяліўся ўражаннямі ад экуменічнай малітвы ў інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе.

10 ліпеня 2018 г. інтэрв’ю з пурпуратам з’явілася на старонках ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”. У размове з журналістамі іерарх падкрэсліў, што “Папа разам з Патрыярхамі і прадстаўнікамі Патрыярхаў Усходу здолеў засяродзіць увагу ўсяго Касцёла, на ўзроўні як ніколі высокім, на гэтым рэгіёне пакутаў”.

“Не пагарджаючы пакутамі Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Азіі (...), зараз, аднак, я кажу пра тое, што адбываецца ў Міжземным моры, – таму, што перажывае Блізкі Усход, няма роўнага. Дастаткова ўзгадаць войны ў Іраку і Сірыі, шматлікія канфлікты, якія затухаюць і ўспыхваюць, нібы агонь вулканаў,”

– адзначыў кардынал Сандры.

Сумесную малітву ў Бары іерарх назваў “канкрэтным крокам наперад” у экуменічным працэсе. “Нібы была вынайдзена новая форма малітвы і размовы, якая б магла паказаць свету тое адзінства, з-за страты якога плачам. Адзінства, да якога ўсе жадаем крочыць”, – дадаў ён.

На думку кардынала, размова Папы і Патрыярхаў за зачыненымі дзвярыма стала нечым “сапраўды новым” у стасунках паміж Каталіцкім Касцёлам і Цэрквамі Усходу, “што прадказвае іх сумесную працу ў будучым”.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў выказаў спадзяванне, што “асобы, адказныя за ваенныя катастрофы на Блізкім Усходзе, пачулі пасланне, пераказанае сустрэчай у Бары, асабліва адносна пакутаў народу, найбольш слабых, дзяцей”.

“Мы можам толькі спадзявацца, што будзе пачуты голас чалавецтва, якое заклікае: мір! Мір няхай будзе з табою! Няма іншай дарогі для будаўніцтва будучыні, акрамя гарантавання міру і бяспекі, свабоды, справядлівасці і развіцця для гэтых рэгіёнаў,”

– заключыў кардынал Сандры.

Экуменічная малітва Папы і Патрыярхаў Усходніх Цэркваў у інтэнцыі міру на Блізкім Усходзе адбылася 7 ліпеня 2018 г. у італьянскім горадзе Бары. У ёй прынялі ўдзел дэлегацыі Праваслаўных Цэркваў, Усходніх Праваслаўных Цэркваў і Каталіцкіх Усходніх Цэркваў. На сустрэчы прысутнічалі таксама Патрыярх Асірыйскай Царквы Усходу і Генеральны сакратар Рады Цэркваў Блізкага Усходу.

Разам яны ўшанавалі рэліквіі св. Мікалая, прынялі ўдзел у сумеснай малітве на набярэжнай Бары і правялі амаль трохгадзінную прыватную размову, падчас якой абмеркавалі сітуацыю ў блізкаўсходнім рэгіёне і ролю Касцёла і Цэркваў Усходу ў намаганнях па яе ўрэгуляванні.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 ліпеня 2018, 13:33