Бэта версія

Cerca

Vatican News
Падчас пахавальнай св. Імшы за кардынала Жан-Луі Тарана Падчас пахавальнай св. Імшы за кардынала Жан-Луі Тарана  

Адбылася пахавальная літургія за памерлага кардынала Тарана

Прысвячаў сябе дыялогу з усімі людзьмі добрай волі, служыў Касцёлу, нягледзячы на цяжар хваробы, так пра памерлага кардынала Тарана сказаў кардынал Анджэла Садана.

Пахавальныя ўрачыстасці з удзелам Папы, шматлікіх кардыналаў, арцыбіскупаў і біскупаў адбыліся 12 ліпеня 2018 г. у базыліцы св. Пятра.

Падчас гаміліі дэкан Калегіі кардыналаў падкрэсліў, што евангельскія благаслаўленні заўсёды асвятлялі жыццё спачылага кардынала, нібы зоркі на яго шляху. Галоўны цэлебрант прызнаўся, што “на працягу многіх гадоў быў сведкам вялікага апостальскага духу” памерлага.

Кардынал Садана падкрэсліў “веліч асобы” святара, біскупа і кардынала, якую ўвасабляў французскі кардынал. Жан-Луі Таран “прысвяціў, як і многія, сваё жыццё служэнню Святому Пасаду, Касцёлу і, у апошні час, дыялогу з усімі людзьмі добрай волі”, дадаў пурпурат, маючы на ўвазе працу памерлага кардынала на пасадзе старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Тым самым, працягнуў дэкан Калегіі кардыналаў, памерлы іерарх прытрымліваўся курсу, вызначанага падчас Другога Ватыканскага Сабора, а менавіта таго, каб “імкнуцца быць братамі, звязанымі адзіным відавочным чалавечым і боскім пакліканнем”, працуючы разам – “без жорсткасці, без падману” – над будаўніцтвам “свету ў сапраўдным міры”.

На заканчэнне літургіі адбыўся абрад апошняга развітання, які здзейсніў папа Францішак.

Месцам апошняга спачынку кардынала Тарана стане рымская базыліка св. Апалінарыя, тытулярным біскупам якой ён з’яўляўся.

75-гадовы французскі кардынал Жан-Луі Таран, камерленга Святога Рымскага Касцёла і старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, адышоў у вечнасць 5 ліпеня 2018 г. у ЗША, дзе праходзіў лячэнне ў сувязі з хваробай Паркінсона.

Відэасюжэт аб пахавальных урачыстасцях кардынала Тарана
Навіна ў фармаце аўдыё
12 ліпеня 2018, 15:05