Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

У Рыме абмяркоўваюць дапамогу Усходнім Касцёлам

19-22 чэрвеня 2018 г. у Генеральнай курыі Таварыства Езуса ў Рыме праходзіць 91-е пленарнае пасяджэнне Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO).

Сёлетняя нарада адбываецца ў кантэксце 50-годдзя з дня заснавання гэтага аб’яднання дабрачынных арганізацый. У яе праграме, якая была прадстаўлена Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў, адзначаецца, што раніцай 20 чэрвеня ў рымскім касцёле Святога Духа пройдзе ўрачыстая літургія ў інтэнцыі ахвярадаўцаў, якую ўзначаліць кардынал Леанарда Сандры, прэфект узгаданай ватыканскай дыкастэрыі і старшыня Асамблеі.

Працоўныя пасяджэнні, якія адбудуцца ў гэты дзень, будуць прысвечаны стану Усходніх Касцёлаў на Блізкім Усходзе, з асаблівай ўвагай на сітуацыю ў Сірыі, Турцыі, Іраку і Святой Зямлі, аб чым распавядуць Апостальскія нунцыі ў гэтых краінах.

Да ўдзельнікаў нарады звернуцца арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, і мансеньёр Сэгунда Тэхада Муньяс, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Падчас абмеркавання сітуацыі ў Святой Зямлі будзе прааналізавана рэалізацыя праектаў, якія фінансуюцца дзякуючы ахвяраванням, што збіраюцца ў Вялікую Пятніцу.

Галоўнай тэмай дыскусій 21 чэрвеня стануць выклікі, якія тычацца душпастырства вернікаў усходняга абраду, што апынуліся ў Еўропе ў выніку міграцыі. 22 чэрвеня, у апошні дзень пленарнага пасяджэння Асамблеі, Святы Айцец прыме яго ўдзельнікаў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы.

З нагоды юбілею аб’яднання была выдадзена памятная брашура, а ў сёлетнім пасяджэнні будуць прымаць удзел шматлікія госці, якія ў мінулым займалі адказныя пасады ў арганізацыях, што ўваходзяць у склад Асамблеі, а таксама былыя супрацоўнікі Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, адказныя за ўзаемадзеянне з імі.

Асамблея ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам была заснавана ў 1968 г. Яна аб’ядноўвае шматлікія дабрачынныя фонды, размяркоўваючы фінансавую падтрымку паміж каталіцкімі супольнасцямі ўсходняга абраду і спрыяючы такім чынам развіццю розных сфер іх дзейнасці: літургічнай, душпастырскай, адукацыйнай, сацыяльнай.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 чэрвеня 2018, 10:06