Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Прадстаўлены падрыхтоўчы дакумент Панамазонскага Сінода Біскупаў

У Зале Друку Святога Пасаду 8 чэрвеня 2018 г. адбылася прэзентацыя падрыхтоўчага дакумента Спецыяльнай Асамблеі Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, які пройдзе ў кастрычніку 2019 г.

Змест дакумента прадставіў кардынал Ларэнца Балдзісэры, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў. Па яго словах, тэкст раскрывае праблемны стан Амазонскай экасістэмы і карэннага насельніцтва рэгіёну, які патрабуе ад Касцёла ў Амазоніі пошуку “альтэрнатыўнай мадэлі развіцця, інтэгральнай і салідарнай, заснаванай на этыцы, адказнай за аўтэнтычную прыродную і чалавечую экалогію”.

Дакумент нагадвае, што Амазонія – гэта адзін з найвялікшых рэзерваў біяразнастайнасці на планеце, які займае плошчу ў 7,5 млн км2; гэта таксама месца жыхарства для амаль 3 млн чалавек, якія прадстаўляюць каля 390 нацыянальнасцей, носьбітаў “адменнай культурнай ідэнтычнасці і спецыфічнага гістарычнага багацця”; гэта, нарэшце, “месца мучаніцтва” многіх хрысціян у місійнай гісторыі Касцёла.

У дакуменце падкрэсліваецца, што сёння карэнныя народы Амазоніі з’яўляюцца ахвярамі “працяглага ўмяшальніцтва чалавека”, у якім пераважае “культура адчужэння”, і дамінуючай эканамічнай мадэлі, для якой “прыбытак больш важны за чалавечую годнасць” . Пад пагрозай вынішчэння – самабытная культура мясцовых жыхароў, пад рызыкай поўнага спусташэння і забруджвання – прырода Амазоніі, аб’ект бяздумнай эксплуатацыі буйных эканомік свету.

Папа Францішак, сустракаючыся ў студзені 2018 г. з прадстаўнікамі карэнных народаў Амазоніі ў перуанскім горадзе Пуэрта-Мальданада, заклікаў “зламаць гістарычную парадыгму, якая лічыць Амазонію невычэрпным сховішчам рэсурсаў для дзяржаў без уліку інтарэсаў яе жыхароў”.

Задача мясцовага Касцёла – вынайсці новую мадэль развіцця, “укаранёную ў Евангелле справядлівасці, у салідарнасць і ўніверсальнае прызначэнне даброт; якая б пераўзыходзіла ўтылітарысцкую і індывідуалістычную логіку, што адмаўляецца падпарадкоўваць эканамічную і тэхналагічную моц этычным крытэрыям”, адзначаецца ў падрыхтоўчым перадсінадальным дакуменце.

Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне на тэму “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі” пройдзе ў кастрычніку 2019 г. у Ватыкане.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 чэрвеня 2018, 12:38