Святы Айцец падчас вячэры з беднымі ў Ватыкане Святы Айцец падчас вячэры з беднымі ў Ватыкане 

Папа раздзяліў вячэру і ўласны час з беднымі

Увечары 29 чэрвеня 2018 г. Папа неспадзявана далучыўся да вячэры, арганізаванай у Ватыкане для бяздомных і мігрантаў па ініцыятыве кардынала Конрада Краеўскага.

Гэтым міласэрным жэстам Апостальскі элемазінарый пажадаў адзначыць сваё ўзвядзенне ў кардынальскую годнасць, якое адбылося днём раней, 28 чэрвеня 2018 г., падчас Звычайнага публічнага кансісторыя ў базыліцы св. Пятра.

На вячэру з удзелам каля 280 бяздомных асобаў, бежанцаў і былых зняволеных нечакана завітаў папа Францішак. З жартам патлумачыўшы кардыналу Краеўскаму, што прыйшоў не дзеля яго, але для бедных, Святы Айцец заняў свабоднае месца за апошнім сталом у сталоўцы для ватыканскіх супрацоўнікаў.

Адзін з валанцёраў, адказных за арганізацыю вячэры, расказаў “Vatican News”, што падчас гутаркі з прысутнымі асобамі Францішак у чарговы раз падкрэсліў важнасць не толькі прыняцця бежанцаў і мігрантаў, але і іх далейшай інтэграцыі ў новую рэчаіснасць.

Святы Айцец заўважыў таксама, што Еўропа стаіць на мяжы самазабойства, бо непрыняцце мігрантаў і нежаданне мясцовых жыхароў мець дзяцей пазбаўляюць кантынент перспектывы на будучыню. Па словах Папы, гэта вельмі хвалюючая тэндэнцыя, якая тычыцца і іншых частак свету, у тым ліку, ЗША.

Размаўляючы з былымі вязнямі, Пантыфік падкрэсліў, што спатыкнуцца можа кожны, як і кожны можа трапіць у пастку алкагалізму ці іншай залежнасці. Таму Касцёл павінен сумеснымі намаганнямі дапамагаць людзям у цяжкім становішчы шукаць з яго выйсце.

Усяго Пантыфік прабыў на вячэры з бяздомнымі, бежанцамі і былымі асуджанымі каля дзвюх гадзін.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 чэрвеня 2018, 15:48