family-1466262_1920.jpg

Новы Статут Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця

8 мая 2018 г. быў апублікаваны новы Статут Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця – структуры Рымскай курыі, якая была заснавана Францішкам 15 жніўня 2016 г.

Новы дакумент увойдзе ў сілу 13 мая 2018 г. Як і папярэдні Статут, ён быў зацверджаны “ad experimentum”.

Згодна з дакументам, у Дыкастэрыі больш няма падзелу на тры Секцыі. Яна дзейнічае “згодна з прынцыпам калегіяльнасці, сінадальнасці і субсідыярнасці”, у блізкім супрацоўніцтве з епіскапатамі, мясцовымі Касцёламі і іншымі касцёльнымі ўстановамі.

На чале структуры знаходзіцца прэфект, якому дапамагае сакратар. Пасаду апошняга можа займаць свецкі вернік. У склад Дыкастэрыі павінны ўваходзіць прынамсі два падсакратары: абодва – свецкія вернікі, а таксама іншыя супрацоўнікі: як свецкія, так і духоўныя асобы. Наколькі гэта магчыма, яны павінны прадстаўляць розныя рэгіёны свету, гаворыцца ў Статуце.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця паклікана спрыяць рэалізацыі паклікання і місіі свецкіх вернікаў у Касцёле і свеце; садзейнічаць душпастырству моладзі, адным з важных элементаў чаго з’яўляецца арганізацыя Сусветных дзён моладзі; паглыбляць вывучэнне адносін паміж поламі, з улікам іх асаблівасцяў, узаемадапаўняльнасці і роўнай годнасці; а таксама спрыяць удзелу жанчын у жыцці Касцёла і грамадства.

Акрамя таго, новая ватыканская структура павінна, “у святле папскага вучэння, спрыяць душпастырскаму клопату аб сям’і”, бараніць яе правы і годнасць, садзейнічаць правядзенню канферэнцый і міжнародных мерапрыемстваў, у прыватнасці Сусветных сустрэч сям’яў. Са спасылкай на восьмы радзел Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia”, у Статуце звяртаецца ўвага на душпастырскі клопат Касцёла аб асобах у “нерэгулярных” сітуацыях, якія тычацца сужэнскага жыцця.

Сярод заданняў Дыкастэрыі ўзгадваецца: спрыянне ініцыятывам на карысць “адказнай пракрэацыі”, абарона чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, падтрымка цяжарных жанчын, прадухіленне абортаў, а таксама дапамога жанчынам, якія ў мінулым здзейснілі аборт.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця пераняла функцыі і кампетэнцыі Папскай рады па справах свецкіх і Папскай рады па справах сям’і. Да яе былі далучаны таксама: Папскі тэалагічны інстытут Яна Паўла ІІ па даследванні сужэнства і сям’і і Папская акадэмія жыцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 мая 2018, 16:11