Ватыкан: нямецкія біскупы абмяркуюць пытанне інтэркамуніі Ватыкан: нямецкія біскупы абмяркуюць пытанне інтэркамуніі 

Ватыкан: нямецкія біскупы абмяркуюць пытанне інтэркамуніі

3 мая 2018 г. група нямецкіх кардыналаў і біскупаў сустрэнецца ў Ватыкане з некаторымі кіраўнікамі дыкастэрыі Рымскай курыі, каб абмеркаваць пытанне магчымага допуску да святой Камуніі некаталіцкіх сужонкаў у змешаных сужэнствах.

22 сакавіка 2018 г. група з сямі нямецкіх біскупаў скіравала супольны ліст на імя кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і арцыбіскупа Луіса Ладарыі Фэрэра, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. Нагодай стала інструкцыя для святароў, прынятая падчас пасяджэння епіскапату Германіі, якое прайшло напрыканцы лютага ў Інгальштаце, адносна допуску – ў некаторых выпадках і пасля належнага распазнання – вызнаўцаў іншых канфесій, якія з’яўляюцца сужэнцамі католікаў, да святой Камуніі.

У лісце біскупы папрасілі Апостальскую Сталіцу праясніць ці пытанне святой Камуніі для сужонкаў-некатолікаў не выходзіць за рамкі кампетэнцыі нацыянальнай Канферэнцыі Біскупаў. Паводле іерархаў, важным з’яўляецца адзінае рашэнне па гэтым пытанні, цэнтральным для веры і еднасці Касцёла.

Старшыня нямецкага епіскапату, кардынал Рэйнхард Маркс, у сваю чаргу заявіў, што быў здзіўлены лістом сямі біскупаў і іх сумневамі, з улікам таго, што ўхвалены пераважнай большасцю членаў Канферэнцыі Біскупаў Германіі тэкст, быў толькі праектам дакумента, адкрытым для далейшых зменаў.

У склад дэлегацыі нямецкага епіскапату, якая прыбудзе абмеркаваць пытанне ў Ватыкан, будуць уваходзіць: кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі; кардынал Райнэр Марыя Вёльке, арцыбіскуп Кёльнскі; біскуп Фелікс Ген, пастыр Мюнстэрскай дыяцэзіі; біскуп Карл-Хайнц Вайсман, пастыр Шпаерскай дыяцэзіі і старшыня Камісіі па пытаннях веравучэння Канферэнцыі Біскупаў Германіі; біскуп Рудольф Вадэрхольцэр, пастыр Рэгенсбургскай дыяцэзіі і віцэ-старшыня Камісіі па пытаннях веравучэння Канферэнцыі Біскупаў Герамніі; біскуп Герхард Файге, пастыр Магдэбургскай дыяцэзіі і старшыня Камісіі па пытаннях экуменізма Канферэнцыі Біскупаў Германіі; кс. Ганс Лангендорфер, сакратар Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

Апостальскую Сталіцу будуць прадстаўляць: арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння; кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству; кс. Маркус Граўліх, падсакратар Папскай рады па інтэрпрытарыцыі заканадаўчых тэкстаў; айцец Герман Гайслер, кіраўнік дакрынальнай секцыі Кангрэгацыі Веравучэння.

01 мая 2018, 16:31