Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сацыёлагі адзначаюць значныя зрухі ў рэлігійным ландшафце свету

Даследаванне “Pew Research” паказвае істотныя змены ў рэлігійным ландшафце свету за 2010-2020 гады, уключаючы геаграфічнае перамяшчэнне вернікаў і дынаміку росту розных рэлігій.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Амерыканскі інстытут, адзін з найбольш аўтарытэтных даследчых цэнтраў у галіне сацыялогіі рэлігіі, апублікаваў справаздачу "Як змяніўся глабальны рэлігійны ландшафт у 2010-2020 гадах", якая ахоплівае 201 краіну і аналізуе сем рэлігійных катэгорый: хрысціянства, іслам, індуізм, будызм, юдаізм, іншыя рэлігіі і безрэлігійнасць.

Змена рэлігійнай геаграфіі

Даследаванне выявіла значныя зрухі ў геаграфічным размяшчэнні вернікаў. Найбольш заўважная змена адбылася ў хрысціянстве: калі ў 2010 годзе большасць хрысціян (25,8 працэнта) жыла ў Еўропе, то ў 2020 годзе цэнтр змясціўся ў Афрыку на поўдзень ад Сахары, дзе зараз жыве 30,7 працэнта хрысціян.

Гэтая з'ява выклікана як натуральным ростам насельніцтва ў афрыканскіх краінах, так і "шырокім адыходам ад хрысціянства ў Заходняй Еўропе". Даследчыкі адзначаюць, што гэта значная змена ў параўнанні з пачаткам XX стагоддзя, калі хрысціяне ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары складалі толькі 1 працэнт сусветнай хрысціянскай супольнасці, а дзве трэці хрысціян жылі ў Еўропе.

Розная дынаміка росту

У 2020 годзе сусветная папуляцыя хрысціян складала 2,3 мільярда чалавек, узрасла за дзесяцігоддзе на 122 мільёны. Мусульманская супольнасць дасягнула 2 мільярдаў, павялічыўшыся на 327 мільёнаў. Колькасць індуістаў вырасла прыкладна на 12 працэнтаў, дасягнуўшы 14,9 працэнта сусветнай папуляцыі.

Будысты аказаліся адзінай групай, якая адзначыла глабальнае скарачэнне – на 5 працэнтаў, з 343 мільёнаў да 324 мільёнаў чалавек. Згодна з даследаваннем, гэта выклікана як адыходам будыстаў ад рэлігіі ва Усходняй Азіі, так і нізкім узроўнем нараджальнасці ў краінах са старэючым насельніцтвам.

Рост безрэлігійнасці

Даследаванне адзначае "ўражлівы" рост колькасці людзей, якія называюць сябе безрэлігійнымі. У канцы 2020 года яны складалі 24,2 працэнта сусветнай папуляцыі, што робіць іх трэцяй па велічыні групай пасля хрысціян і мусульман.

Гэта адбываецца, нягледзячы на тое, што няверуючыя звычайна старэйшыя і маюць ніжэйшы паказчык нараджальнасці. Галоўнай прычынай з'яўляецца адыход ад хрысціянскай веры людзей, выхаваных у рэлігійных сем'ях, асабліва ў Паўночнай Амерыцы і Еўропе.

Гэтыя працэсы фарміруюць новую рэлігійную карту свету, дзе ўсё больш выразна бачны кантраст паміж рэгіёнамі з узрастаючай рэлігійнасцю і тымі, дзе традыцыйныя веравызнанні саступаюць месца секулярнаму светапогляду.
 

10 чэрвеня 2025, 11:32