Пошук

FILE PHOTO: Illustration shows message reading "AI artificial intelligence" and robot hands

Увага! Фальшывыя “казанні Папы” запаланілі інтэрнэт

З моманту абрання Папы Льва XIV інтэрнэт запаланілі фальшывыя відэа з яго "казаннямі", створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту, якія падманваюць мільёны вернікаў.

Vatican News

Перасцярога гучыць настойліва, голас і мова падманліва сапраўдныя. "Нябесны гадзіннік адлічвае апошнія секунды", - нібы заклікае Леў XIV сваіх слухачоў падрыхтавацца да канца свету. На “YouTube” гэтае меркаванае казанне новага Пантыфіка распаўсюджваецца як лясны пажар. Нават сярод католікаў, якія цікавяцца папскай дзейнасцю. Толькі вось нічога з гэтага не з'яўляецца сапраўдным.

Штучны інтэлект дасканала падрабляе голас і стыль Папы

З моманту абрання Льва XIV 8 мая 2025 года сеціва запаланілі відэа "глыбокіх падробак" (deep fake), створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту. Агенцтва "France Presse" у сваім расследаванні выявіла дзясяткі каналаў “YouTube” і “TikTok”, якія распаўсюджваюць фальшывыя казанні ад імя новага Папы.

Самы паспяховы канал "Pope Leo XIV. Sermons" да свайго выдалення 21 мая 2025 года набраў амаль мільён праглядаў і 18 000 падпісчыкаў. 26 відэа з падробленымі гаміліямі імітавалі голас Пантыфіка.

Касцёл сутыкаецца з новым тыпам дэзінфармацыі

Вернікі масава вераць падробкам, якія распаўсюджваюцца праз сацыяльныя сеткі – нават калі відэа пазначаны як згенераваныя штучным інтэлектам. Святары сутыкаюцца з пытаннямі пра гэтыя фальшывыя відэа. Магчыма, гэта толькі пачатак маштабнай праблемы, з якой сутыкнецца Касцёл.

Яскравым прыкладам дэзінфармацыі з'яўляецца іспанамоўнае відэа ў “TikTok”, дзе Леў XIV нібыта прапаведуе пра ролю жанчын. Яно набрала 9,6 мільёнаў праглядаў.

Праверайце крыніцу інфармацыі!

Трэба нагадаць, што ўсе прамовы, выступленні і тэксты Папы Льва XIV можна цалкам знайсці на vatican.va або на vaticannews.va.

Сам Папа ўсведамляе выклікі, звязаныя са штучным інтэлектам: з яго велізарным патэнцыялам ён патрабуе адказнасці і здольнасці да распазнавання, "каб гарантаваць, што ён будзе выкарыстоўвацца для дабра ўсіх", – сказаў ён у маі ў прамове да супрацоўнікаў СМІ.

Адказ ляжыць у павышэнні ўзроўню медыяграматнасці і здаровым скептыцызме ў дачыненні да сенсацыйнага анлайн-кантэнту. Самым надзейным шляхам застаецца праверка інфармацыі на афіцыйных сайтах Святога Пасада.
 

10 чэрвеня 2025, 10:15