Пошук

Арцыбіскуп Панамскі Хасэ Дамінга Улоа Арцыбіскуп Панамскі Хасэ Дамінга Улоа 

Касцёл Панамы гатовы пасрэднічаць у вырашэнні канфлікту

Пасля тыдняў пратэстаў супраць карпарацый і ўрада ў Панаме каталіцкі Касцёл гатовы выступіць у ролі пасрэдніка. Пра гэта заявіў арцыбіскуп Панамскі Хасэ Дамінга Улоа пасля сустрэчы з прэзідэнтам Хасэ Раўлем Муліна 9 чэрвеня 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле паведамлення на сайце прэзідэнцкай адміністрацыі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Панамы падкрэсліў, што "Касцёл жадае дапамагчы вырашыць праблемы ў краіне". 10 чэрвеня 2025 года іерарх плануе правесці першую сустрэчу з прадстаўнікамі прафсаюзаў. Яго падтрымае рабін Густава Красельнік, старшыня Міжрэлігійнага камітэта Панамы.

У цэнтральнаамерыканскай краіне ўжо некалькі тыдняў працягваюцца пратэсты. Яны датычаць спрэчнага аднаўлення буйнога праекта па здабычы медзі, пытання дзяржаўнага суверэнітэту над Панамскім каналам, на які прэтэндуе цяперашняя адміністрацыя ЗША, а таксама забастоўкі на плантацыі буйнога вытворцы бананаў “Chiquita”.

Там каля 5000 працаўнікоў былі звольнены без папярэджання пасля некалькіх дзён забастоўкі ў Бокас-дэль-Тора. Кампанія абгрунтавала гэта тым, што плантацыя стала непрыдатнай з прычыны забастоўкі, але прафсаюзныя дзеячы не згаджаюцца з такім тлумачэннем.

Ёсць паведамленні пра злоўжыванні з боку паліцыі, адзін прафсаюзны дзеяч вымушаны быў шукаць прытулку ў адным з пасольстваў. Забастоўкі прывялі да значных абмежаванняў у многіх частках краіны.
 

09 чэрвеня 2025, 11:53