Пошук

Рэйс з департаванымі з ЗША мігрантамі ў аэрапорце Майкеція, Венесуэла Рэйс з департаванымі з ЗША мігрантамі ў аэрапорце Майкеція, Венесуэла 

Біскупы Лацінскай Амерыкі асуджаюць рэйды і дэпартацыі мігрантаў

Біскупы і душпастыры мігрантаў з Мексікі і Гватэмалы выступілі супраць ксенафобскай міграцыйнай палітыкі "паўночных урад" і новага падатку на грашовыя пераводы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У мексіканскім горадзе Тушстла-Гут'ерэс сабраліся біскупы і душпастыры мігрантаў з Мексікі і Гватэмалы, каб выказаць пратэст супраць ксенафобскай і крыміналізуючай міграцыйнай палітыкі "паўночных урадаў" Мексікі і Злучаных Штатаў.

Паводле звестак каталіцкага агенцтва “SIR” ад 7 чэрвеня 2025 года, біскупы ў сваім лісце крытыкуюць "бесчалавечныя рэйды і жорсткія дэпартацыі". На іх думку, гэтыя дзеянні яшчэ больш паглыбляюць крызіс народаў, "якімі маніпулююць, якіх пазбаўляюць маёмасці, даводзяць да ўсё большай галечы і наносяць ім раны праз тэрытарыяльны і памежны кантроль, які падтрымліваецца арганізаванай злачыннасцю".

Іерархі таксама рэзка раскрытыкавалі новы закон Сената ЗША, які ўводзіць падатак у 3,5 працэнта на грашовыя пераводы мігрантаў. Гэта асабліва закранае сем'і, якія залежаць ад пераводаў з-за мяжы.

Касцёл звяртае ўвагу на шматлікія рызыкі і трагедыі ў памежнай зоне, з якімі сутыкаюцца людзі, што ўцякаюць ад маргіналізацыі і насілля.

"Наша салідарнасць з сем'ямі, якія не толькі перажываюць ад'езд сваіх дзяцей, мужоў, сваякоў ці сяброў, але і разам з імі нясуць рызыкі і цяжар міграцыі", - гаворыцца ў лісце.
 

09 чэрвеня 2025, 11:33