Пошук

Пратэсты ў Лос-Анджэлесе  Пратэсты ў Лос-Анджэлесе   (AFP or licensors)

"Малітва і стрыманасць": Касцёл пра пратэсты ў ЗША

Пасля сутыкненняў падчас пратэстаў супраць дзеянняў іміграцыйных службаў у Лос-Анджэлесе мясцовы каталіцкі арцыбіскуп Хасэ Гомес заклікаў да малітвы і стрыманасці, адначасова крытыкуючы ўрад.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Лос-Анджэлеса заклікаў да малітвы, "стрыманасці і спакою" пасля сутыкненняў падчас пратэстаў супраць жорсткіх дзеянняў іміграцыйнай службы ICE. Прэзідэнт Дональд Трамп, нягледзячы на супраціў каліфарнійскіх палітыкаў, задзейнічаў Нацыянальную гвардыю і абвясціў пра мабілізацыю марскіх пехацінцаў.

"Мы ўсе згодныя, што не хочам бачыць у нашых супольнасцях недакументаваных імігрантаў, вядомых як тэрарысты ці гвалтоўныя злачынцы, - сказаў арцыбіскуп. - Але няма неабходнасці праводзіць прымусовыя меры так, каб выклікаць страх сярод звычайных, працавітых імігрантаў і іх сем'яў".

Каталіцкі іерарх заклікаў Кангрэс "сур'ёзна заняцца рамонтам” амерыканскай іміграцыйнай сістэмы, якая вымушае многіх незаконна перасякаць межы ЗША.

Іншыя краіны, па яго словах, маюць іміграцыйную палітыку, якая паважае права людзей на эміграцыю ў пошуках лепшага жыцця і пры гэтым забяспечвае кантроль меж.

"З моманту апошняй рэформы нашых іміграцыйных законаў прайшло амаль чатыры дзесяцігоддзі. Гэта занадта доўга, і прыйшоў час нешта з гэтым зрабіць", - лічыць арцыбіскуп Гомес.
 

10 чэрвеня 2025, 11:06