Пошук

Прэс-канферэнцыя ў Абу-Дабі, на якой абвясцілі лаўрэатаў прэміі Заіда Прэс-канферэнцыя ў Абу-Дабі, на якой абвясцілі лаўрэатаў прэміі Заіда  (@VaticanNews)

Прэмія Заіда за чалавечае братэрства: лаўрэаты 2025 года

У 2025 годзе Прэмію Заіда за чалавечае братэрства атрымаюць няўрадавая арганізацыя World Central Kitchen, прэм’ер-міністр Барбадоса Мія Мотлі і 15-гадовы вынаходнік Хеман Бекеле.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца 4 лютага 2025 года, у абвешчаны ААН Міжнародны дзень чалавечага братэрства. Урачыстасць пройдзе ў Абу-Дабі.

Прэмія Заіда за чалавечае братэрства была заснавана ў 2019 годзе пасля падпісання сумеснага Дакумента аб чалавечым братэрстве Папам Францішкам і Вялікім імамам Аль-Азхара Ахмедам Аль-Таебам.

Сёлета прэмія будзе ўручацца ўжо шосты раз. Яна прысуджаецца штогод за бескарыслівую і нястомную працу дзеля збліжэння людзей і стварэння сапраўднай чалавечай сувязі.

Пераможцаў прэміі вызначае незалежнае журы, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі Папы Францішка, Вялікага імама Аль-Азхара і Генеральнага сакратара ААН.

Лаўрэаты 2025 года

Дабрачынная арганізацыя World Central Kitchen атрымае ўзнагароду за сваю працу па аказанні харчовай дапамогі супольнасцям, якія пакутуюць ад гуманітарных крызісаў. З моманту свайго заснавання ў 2010 годзе арганізацыя забяспечыла больш за 300 мільёнаў страў у 30 краінах свету, уключаючы 100 мільёнаў порцый для палесцінцаў у Газе пасля пачатку вайны паміж Ізраілем і ХАМАС у кастрычніку 2023 года.

Прэм’ер-міністр Барбадоса Мія Мотлі будзе ўзнагароджана за рашучыя дзеянні ў барацьбе са зменай клімату. У 2022 годзе яна выступіла з Брыджтаўнскай ініцыятывай (Bridgetown Initiative), якая заклікае да тэрміновай і рашучай рэформы міжнароднай фінансавай сістэмы з улікам кліматычных фактараў. Акрамя таго, яна ўзяла на сябе абавязацельства да 2030 года поўнасцю перавесці Барбадос на аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Пятнаццацігадовы вынаходнік этыёпа-амерыканскага паходжання Хеман Бекеле будзе ўзнагароджаны за распрацоўку таннага мыла, прызначанага для прафілактыкі і лячэння рака скуры на ранніх стадыях. У дадзены момант яго інавацыя праходзіць тэставанне ў Школе аховы грамадскага здароўя імя Джонса Хопкінса Блумберга ў ЗША.

Хеман Бекеле, адзін з лаўрэатаў прэміі Заіда ў 2025 годзе
Хеман Бекеле, адзін з лаўрэатаў прэміі Заіда ў 2025 годзе
04 лютага 2025, 14:04