Пошук

Лампада надзеі Юбілею 2025 года Лампада надзеі Юбілею 2025 года 

Святло надзеі Юбілейнага года ў 200 турмах Італіі

Сімвалічным пачаткам Юбілейнага 2025 года ў італьянскіх турмах стала асвячэнне Лампад надзеі, створаных зняволенымі следчага ізалятара Салерна. Яно адбылося 9 студзеня 2025 года ў базіліцы святога Пятра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На працягу студзеня ва ўсіх рэгіёнах Італіі прайшлі ўрачыстыя набажэнствы з удзелам мясцовых біскупаў, падчас якіх Лампады надзеі былі перададзены капеланам для кожнай турмы.

"У нашых пенітэнцыярных установах, дзе пануе смутак зняволення, такія мерапрыемствы асаблівым чынам адраджаюць надзею ў зняволеных, бо яны ведаюць, што Касцёл побач з імі", - падкрэслівае генеральны інспектар капеланаў італьянскіх турмаў ксёндз Рафаэле Грымальдзі.

Спецыяльная Юбілейная камісія, створаная для арганізацыі мерапрыемстваў у турмах, будзе рыхтаваць розныя тэматычныя дні, прысвечаныя хворым, мігрантам, моладзі і спорту. Кожная ўстанова зможа адаптаваць праграму пад свае магчымасці і патрэбы.

"Юбілей – гэта выдатная магчымасць для ўстаноў выйсці з той замкнёнасці, якая спараджае не надзею, а хутчэй дэпрэсію", - адзначае ксёндз Грымальдзі.

Адметнасцю Юбілейнага года ў італьянскіх турмах стане штомесячная рассылка спецыяльных катэхетычных матэрыялаў, падрыхтаваных Юбілейнай камісіяй. Упершыню ў гісторыі ўсе 200 пенітэнцыярных устаноў краіны будуць ісці адным духоўным шляхам, які завершыцца агульным святкаваннем Юбілею зняволеных 14 снежня 2025 года.
 

03 лютага 2025, 10:35