Пошук

Католікі Гомы працягваюць маліцца нягледзячы на прысутнасць групоўкі М23 Католікі Гомы працягваюць маліцца нягледзячы на прысутнасць групоўкі М23  (AFP or licensors)

Касцёл у Італіі накіруе мільён еўра ва ўсходняе Конга

Канферэнцыя Біскупаў Італіі выдзеліла мільён еўра на дапамогу ахвярам канфлікту ва ўсходняй частцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і заклікала спыніць гвалт у Гоме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рашэнне аб экстраннай дапамозе было прынята 3 лютага 2025 года ў Рыме на фоне пагаршэння гуманітарнай сітуацыі ў рэгіёне. Як паведамляе прэс-служба італьянскага епіскапату, сродкі будуць накіраваныя на падтрымку мірнага насельніцтва, якое пакутуе ад ваенных дзеянняў.

Асаблівую занепакоенасць выклікаюць масавыя забойствы, якія ажыццяўляюцца баевікамі паўстанцкай групоўкі М23. Біскупы падкрэсліваюць, што ахвярамі становяцца пераважна мірныя жыхары, у тым ліку дзеці, немаўляты, жанчыны і бездапаможныя людзі.

Касцёл і дабрачынныя арганізацыі Італіі здаўна падтрымліваюць розныя праекты ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Паводле даных епіскапату, з 1991 года на падтрымку каля 1200 праектаў было накіравана 136 мільёнаў еўра.

Нягледзячы на тое, што пасля захопу Гомы паўстанцамі баявыя дзеянні з кангалезскай арміяй спыніліся, гуманітарныя арганізацыі адзначаюць, што сітуацыя застаецца няпэўнай.

Дэмакратычная Рэспубліка Конга, дзе пражывае 115 мільёнаў чалавек, з'яўляецца другой па велічыні краінай у Афрыцы. Усходняя частка краіны багатая на прыродныя рэсурсы, у прыватнасці калтан (каштоўная руда танталу і ніобію), які з'яўляецца прадметам жорсткай барацьбы, у тым ліку з боку суседняй Руанды. Акрамя групоўкі М23, якая ўзнікла ў 2012 годзе, у рэгіёне дзейнічае каля 100 іншых узброеных фарміраванняў.
 

04 лютага 2025, 10:36