Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Партугаліі выступае за шырокую амністыю

Кардынал Амерыка Агіяр, ад імя Канферэнцыі Біскупаў Партугаліі, звярнуўся ў парламент краіны з прапановай аб амністыі для зняволеных у сувязі са Святым годам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прапанова партугальскага іерарха выклікала жывую дыскусію ў палітычных колах краіны. У сваім лісце да аднапалатнага парламента кардынал падкрэсліў неабходнасць "шырокай" амністыі, якая павінна грунтавацца на пэўных прынцыпах.

Амністыя не павінна ўспрымацца як праява паблажлівасці

"Гэтае памілаванне вязняў не павінна ўспрымацца як праява паблажлівасці або абыякавасці да злачынстваў і не павінна датычыцца асоб, якія наўмысна здзейснілі злачынствы ў пэўны перыяд", - патлумачыў Агіяр.

Ініцыятыва іерарха знайшла падтрымку сярод левых палітычных сіл, у прыватнасці Камуністычнай партыі (PCP) і Левага блока (BE). Аднак правыя партыі, такія як Chega (CH) і Ліберальная ініцыятыва (IL), выступілі з крытыкай прапановы.

Амністыя 2023 года ахапіла амаль тысячу вязняў

Крытыкі ўказваюць на тое, што амністыя ўжо праводзілася зусім нядаўна. У 2023 годзе, падчас Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне, пад яе трапіла каля тысячы вязняў. Тады парламент прыняў закон аб амністыі для маладых людзей, асуджаных за няцяжкія злачынствы, што было звязана з візітам Папы Францішка.

Варта адзначыць, што практыка амністый у сувязі з важнымі касцельнымі падзеямі мае ў Партугаліі даўнюю традыцыю, і цяперашняя ініцыятыва кардынала Агіяра працягвае гэтую гістарычную практыку міласэрнасці і рэабілітацыі.
 

09 студзеня 2025, 10:18