Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: дыскрымінацыя вернікаў за фасадам талерантнасці

Святы Пасад у ААН звярнуў увагу на бесперапынны пераслед хрысціян і паслядоўнікаў іншых рэлігій за іх веру, які адбываецца ў многіх частках свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"У апошнія гады ўзмацнілася насілле і рэпрэсіўныя меры. Вернікам часта адмаўляюць у праве выказваць і практыкаваць сваю веру, нават калі гэта не пагражае грамадскай бяспецы і не парушае правы іншых людзей", - заявіў арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву, пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН, падчас 52-й сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе. "Кожны сёмы хрысціянін пакутуе сёння з прычыны пераследу," - дадаў ён.

Пераслед людзей толькі за тое, што яны публічна вызнаюць сваю веру, выклікае "трывогу", - падкрэсліў іерарх, прызначаны 15 сакавіка 2023 года сакратаром Дыкастэрыі па евангелізацыі. Ён адзначыў, што абмежаванні рэлігійнай свабоды маюць месца сёння ў многіх краінах, дзе пражывае каля траціны насельніцтва свету. Усеагульнае прызнанне рэлігійнай свабоды з'яўляецца абсалютнай умовай міру і неабходнай умовай годнага жыцця.

"Пакутуюць рэлігійныя меншасці, супраць якіх у апошнія гады ў многіх краінах узмацніліся рэпрэсіі – у тым ліку з боку нацыянальных уладаў", - сказаў арцыбіскуп Нвачукву. Апошнім часам пачасціліся выпадкі прафанацыі і разбурэння культавых будынкаў, а таксама гвалтоўныя напады на рэлігійных лідараў. Яны сталі "трывожна частымі".

Не меншую трывогу, па словах прадстаўніка Святога Пасада, выклікае "больш тонкая і падступная" дыскрымінацыя вернікаў у некаторых краінах, якая часта хаваецца за "фасадам талерантнасці" і з'яўляецца вынікам "ілжывага разумення інтэграцыі". Усё часцей меры цэнзуры абмяжоўваюць магчымасць грамадскага і палітычнага самавыяўлення, "часта пад выглядам таго, каб не абразіць пачуцці іншых". Гэта наносіць шкоду здароваму дыялогу і грамадскаму абмеркаванню і, такім чынам, фундаментальнаму праву на свабоду рэлігіі і свабоду выказвання меркаванняў і сумлення.

"Насілле і дыскрымінацыя ў дачыненні да хрысціян, а таксама абмежаванні рэлігійнай свабоды таксама растуць у многіх краінах, дзе хрысціяне не з'яўляюцца меншасцю", - заявіў дыпламат, цытуючы Папу Францішка. Ён падкрэсліў, што афіцыйныя ўлады абавязаны абараняць рэлігійную свабоду. "Кожны чалавек павінен мець магчымасць дзейнічаць паводле свайго сумлення, у тым ліку ў грамадскай сферы і ў практыкаванні сваёй веры, у адпаведнасці з прынцыпам агульнага дабра", - заявіў арцыбіскуп Нвачукву на сесіі Савета ААН па правах чалавека.
 

23 сакавіка 2023, 09:50