Пошук

Пратэсты ў Перу Пратэсты ў Перу  (SEBASTIAN CASTANEDA)

Святога Айца непакоіць узровень канфліктнасці на планеце

Пасля малітвы Анёл Панскі, 22 студзеня 2023 года, Пантыфік звярнуў увагу на сітуацыю М’янме, Перу і Камеруне. Яго непакоіць узровень і бессэнсоўнасць насілля, якое мае месца ў гэтых краінах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мае думкі, з болем, накіроўваюцца ў прыватнасці да М'янмы, дзе касцёл Маці Божай Унебаўзятай у вёсцы Чан-Тар, адзін з найстарэйшых і найважнейшых храмаў у краіне, быў падпалены і разбураны. Выказваю блізкасць да бездапаможнага мірнага насельніцтва, на лёс якога ў многіх гарадах выпалі цяжкія выпрабаванні. Прашу Бога, каб гэты канфлікт хутчэй скончыўся і пачаўся новы час прабачэння, любові і міру”, - звярнуўся да сабраных на ватыканскай плошчы Францішак. Ён папрасіў вернікаў маліцца да Багародзіцы за М’янму.

Акрамя таго, Папа запрасіў да малітвы аб спыненні актаў насілля ў Перу. “Насілле гасіць надзею на справядлівае вырашэнне праблем. Заахвочваю ўсе зацікаўленыя бакі ўстаць на шлях дыялогу паміж братамі аднаго народа з поўнай павагай да правоў чалавека і вяршэнства закона”, - звярнуў вагу Святы Айцец, выказваючы салідарнасць з перуанскім епіскапатам, які заклікае да спынення гвалту ў краіне.

Францішка радуюць пазітыўныя сігналы, якія паступаюць з Камеруна, што дае надзею на прагрэс у вырашэнні канфлікту ў англамоўных рэгіёнах. “Заахвочваю ўсіх удзельнікаў Пагаднення настойліва ісці па шляху дыялогу і ўзаемаразумення, бо толькі ў сустрэчы можна планаваць будучыню”, - звярнуўся Папа.
 

22 студзеня 2023, 13:31