Пошук

Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота Бэнэдыкт XVI. Ілюстрацыйнае фота 

Рыкарда Муці: Бэнэдыкт XVI верыў у сілу музыкі

Пра высокую музычную культуру Бэнэдыкта XVI распавёў славуты італьянскі дырыжор Рыкарда Муці, словы якога прыводзіць выданне Avvenire.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“8 мая 2012 года, з нагоды сёмай гадавіны яго абрання Папам, я правёў канцэрт у Зале Паўла VI з аркестрам і хорам Рымскай оперы; мы выконвалі Magnificat Антоніа Вівальдзі, а таксама Stabat Mater і Te Deum Джузэпэ Вердзі. Напрыканцы выступу Бэнэдыкт XVI прамовіў імправізаваную lectio magistralis аб гэтых двух вялікіх аўтарах, дэманструючы, што значыць мець музычную культуру і тым больш верыць у сілу музыкі”, - заўважыў маэстра.

“Папа Бэнэдыкт неаднаразова нагадваў нам пра тое, што Касцёл зрабіў для гісторыі музыкі, нагадваў пра важнасць сакральнай музыкі і неабходнасць таго, каб літургічная музыка была музыкай натхнёнай”, - дадаў ён.

Муці распавёў, што аднойчы Бэнэдыкт XVI прыняў яго разам з жонкай на прыватнай аўдыенцыі і яны больш за гадзіну размаўлялі пра музыку, у прыватнасці пра Вольфганга Амадэя Моцарта – кампазітара, якога вельмі любіў спачылы Папа-эмерыт.

“Сёння свет губляе вялікую постаць, магчыма, не ўсім зразумелую. Але калі мы прыслухаемся да яго вучэння, калі пройдзем па яго слядах, яго навучанняў, мы сапраўды зможам адкрыць для сябе гіганта нашага часу, здольнага гаварыць з намі і з нашым светам”, - зазначыў Рыкарда Муці.
 

03 студзеня 2023, 14:11