Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Osservatore Romano: ці адбылася рэвалюцыя "гнуткай працы?

Падчас пандэміі ўся магчымая праца здзяйсняецца дыстанцыйна. Але ці сапраўды мы сталі сведкамі рэвалюцыі "гнуткай працы", пра якую так шмат гавораць? – задаліся пытаннем на старонках L'Osservatore Romano два італьянскія даследчыкі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Гнуткі рэжым працы патрабуе радыкальнай культурнай трансфармацыі, якая ўсё яшчэ адсутнічае ў пераважнай большасці кампаній, - лічаць сацыёлагі Лука Пэзэнці і Джавані Скансані.

На думку экспертаў, для "гнуткай працы" патрабуецца эканамічная (і працоўная) мадэль, якая паўтарала б грамадства, адносіны, сацыяльную і чалавечую годнасць, і ў якой чалавечая праца ўяўляла б сабой не проста эканамічныя адносіны "прадуктыўнасці", а сама па сабе стала б сацыяльнымі адносінамі.

Па словах Папы Францішка: "Кожная форма працы прадугледжвае пэўную ідэю адносін, якія чалавек можа і павінен устанаўліваць з тым, што з’яўляецца адрозным ад яго" (Laudato si', 125). Такім чынам, чалавечая праца з’яўляецца цалкам гуманнай, надзеленай сэнсам, арыентаванай на адкрытасць да свету і стварэнне адносін: сёння больш, чым калі-небудзь, праца - гэта праца з іншымі і праца для іншых.

Але за некаторымі сучаснымі ўтапічнымі поглядамі хаваецца супярэчнасць вызвалення чалавека "ад" працы, а не мэта вызвалення чалавека "ў" працы, - папярэджваюць аўтары артыкула ў ватыканскай газеце.

Існуе несумнеўная спакуса ў абяцанні працы, якая вызваліла б нас, па меншай меры часткова, ад цяжару, асабліва тады, калі мы сутыкаемся “з больш інтэнсіўным рытмам жыцця і працы, што па-іспанску некаторыя называюць rapidación (паскарэнне) (Laudato si', 18). Безумоўна, дыстанцыйная праца можа часткова зменшыць гэтую мітусню, і таму многія работнікі патрабуюць яе.

Але неабходна папярэдзіць і аб яе абмежаваннях: многія даследаванні сведчаць аб павышаным стрэсе, парушэнні межаў паміж прыватным жыццём і працай, рызыцы ізаляцыі, страты пачуцця прыналежнасці да супольнасці.

З гэтага пункту гледжання феномен дыстанцыйнай працы заклікае да абнаўлення прафсаюзаў, якія таксама знаходзяцца на новым этапе заклапочанасці ўмовамі жыцця работнікаў, - гаворыцца ў артыкуле L’Osservatore Romano.

20 снежня 2022, 13:10