Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Злачынствы на глебе нянавісці да хрысціян у Еўропе: новыя лічбы

Звыш 500 злачынстваў на глебе нянавісці да хрысціянаў у 19-ці краінах Еўропы за 2021 год задакументавала венская Абсерваторыя нецярпімасці і дыскрымінацыі ў адносінах да хрысціянаў у Еўропе (OIDAC).

Ян Глінскі - Vatican News

“З-за агульнага заніжэння колькасці злачыстваў на глебе нянавісці, можна меркаваць, што рэальная колькасць выпадкаў значна вышэйшая”, – адзначаецца ў справаздачы. Гэтыя даныя дапаўняе штогадовы рапарт Бюро правоў чалавека ODIHR Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), апублікаваны 16 лістапада 2022 года.

Акрамя вандалізму, крадзяжоў і падпалаў у справаздачы зарэгістравана “трывожная лічба” негатыўных стэрэатыпаў, выдуманыя апраўданні гвалту, прамыя абразы ў дачыненні да хрысціянаў або хрысціянскіх аб’яднанняў з боку публічных асобаў, у тым ліку палітыкаў і журналістаў. Падкрэсліваецца “трывожная тэндэнцыя, пры якой грамадскасць, як здаецца, абыякава ставіцца да прыніжальных заяваў і да ілжывых уяўленняў аб хрысціянах”.

У Абсерваторыі таксама заўважылі негатыўны ўплыў “свецкай нецярпімасці” на рэлігійную свабоду хрысціянаў.

Як патлумачыла выканаўчы дырэктар венскай Абсерваторыі Мадлен Энцлебергер, мэта арганізацыі заключаецца ў “аналізаванні крыніц нецярпімасці і дыскрымінацыі ў адносінах да хрысціян, а таксама ідэнтыфікацыі фактараў, якія ўзмацняюць нецярпімасць у нашым грамадстве”. Таму ў справаздачы агаворана таксама дыскрымінацыя ў постаці праблематычнага заканадаўства на нацыянальным і міжнародным ўзроўні. “Падзел на хрысціянаў і свецкія групы часта ўзмацняецца праз сродкі масавай інфармацыі і палітыку”, – звярнула ўвагу Энцлебергер.

“Талерантнасць і павага павінны ў роўнай ступені датычыць усіх сацыяльных груп і павінны абараняцца. Таму мы падкрэсліваем значэнне рэлігійнай свабоды не толькі для хрысціянаў ва ўсім свеце, але і для няверуючых”, – адзначыла выканаўчы дырэктар Абсерваторыі.
 

18 лістапада 2022, 08:37