Пошук

Дзяўчынкі ў сакрэтнай школе ў Афганістане пасля забароны талібамі адукацыі для  жанчын Дзяўчынкі ў сакрэтнай школе ў Афганістане пасля забароны талібамі адукацыі для жанчын  

Caritas: сітуацыя ў Афганістане горшая, чым калі-небудзь

Праз год пасля вываду заходніх войскаў з Афганістана гуманітарная сітуацыя ў краіне горшая, чым калі-небудзь, - лічыць прадстаўнік Caritas Internationalis Штэфан Рэкер.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Я працую ў гэтай сферы 30 гадоў і даўно ведаю Афганістан. Аднак я ніколі не бачыў там такой галечы, як сёння”, - прызнаўся каталіцкаму агенцтву KNA дырэктар офіса арганізацыі ў Кабуле.

Эканоміка і банкаўская сістэма Афганістана пацярпелі крах у выніку замежных санкцый. Дапамога міжнароднай супольнасці носіць эпізадычны характар, “і гэта толькі кропля ў моры патрэб”. Акрамя таго, краіна пакутуе ад змены клімату і засухі. Па словах супрацоўніка дабрачыннага фонду, многія людзі не маюць даходаў і таму не могуць набыць прадуктаў харчавання.

“Асабліва пакутуюць дзеці, пажылыя, хворыя і цяжарныя жанчыны. Людзі не паміраюць непасрэдна ад голаду, але многія паміраюць ад хвароб, звязаных з ім”, - сказаў Рэкер.

Паводле яго, талібы, якія зараз знаходзяцца ва ўладзе, робяць шмат перашкод на шляху арганізацый дапамогі, у тым ліку Caritas. “Грошы ў краіну паступаюць з цяжкасцю, і гэта з прычыны закрыцця банкаў. І калі гэта адбываецца, талібы хочуць кантраляваць пераводы. З іншага боку, яны зусім не хочуць міжнароднай дапамогі і паўсюль вынюхваюць заходніх шпіёнаў і хрысціянскіх місіянераў”, - паведаміў кіраўнік офіса.

Адказваючы на пытанне аб стане правоў чалавека ў краіне, Рэкер сказаў, што, напрыклад, абаронцы правоў жанчын па-сапраўднаму запалоханы. Рэпрэсіі супраць іх вар'іруюцца ад пагроз насілля, да знікненняў і жорсткіх расстрэлаў. Злачынцы могуць разлічваць на беспакаранасць. З іншага боку, талібы не маюць рэсурсаў, каб сачыць за ўсім.

“Год таму яны ўзялі ўладу не таму, што былі настолькі моцныя, а таму, што ўлада была слабая. Іх адносна мала, яны не абучаныя, а паліцэйскія масава паўцякалі пасля падзення ўрада”, - патлумачыў прадстаўнік Caritas Internationalis у Кабуле. Яшчэ адна важная прычына, на яго думку, – рэзкі рост злачыннасці ў краіне.

15 жніўня 2021 года афганскія талібы практычна без бою захапілі ўладу ў сталіцы краіны Кабуле. Нядаўна яны абвясцілі гэтую дату нацыянальным святам.
 

12 жніўня 2022, 11:53