Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад запрашае да неідэалагічнай дыскусіі аб абароне жыцця

Пасля рашэння Вярхоўнага суда ЗША адносна заканадаўства ў пытанні здзяйснення абортаў, Святы Пасад запрасіў да ідэалагічна свабодных дэбатаў на тэму абароны жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пятніцу, 24 чэрвеня 2022 года, Вярхоўны суд ЗША адмяніў сваю пастанову 50-гадовай даўнасці, вядомую пад назвай Роў супраць Уэйда. Яна замацоўвала права на аборт са спасылкай на Канстытуцыю ЗША. Адмена дазваляе штатам абмяжоўваць або забараняць аборты.

“Той факт, што вялікая краіна з доўгай дэмакратычнай традыцыяй змяніла пазіцыю ў гэтым пытанні, з’яўляецца выклікам для ўсяго свету”, - гаворыцца ў заяве Папскай акадэміі жыцця.

“Не правільна, што гэтае пытанне адкладаецца без належнага агульнага разгляду. Клопат аб чалавечым жыцці і яго абарона не з'яўляецца пытаннем, якое можа заставацца абмежаваным рэалізацыяй правоў асобы, гэта пытанне шырокага грамадскага значэння”, - можна прачытаць у тэксце.

“Важна аднавіць неідэалагічную дыскусію пра тое, якое месца ў грамадзянскай супольнасці займае захаванне жыцця, спытаць сябе, якое суіснаванне і грамадства мы хочам пабудаваць. У прыватнасці, ідэя заключаецца ў тым, каб “зрабіць палітычны выбар, які спрыяе ўмовам жыцця pro-life, не трапляючы на апрыёрныя ідэалагічныя пазіцыі”, і такім чынам “гарантаваць адэкватную сексуальную адукацыю, забяспечыць даступнае для ўсіх медыцынскае абслугоўванне і падрыхтаваць заканадаўчыя меры для абароны сям'і і мацярынства, пераадольваючы існуючыя няроўнасці”, - пішуць аўтары.

У той жа час “маці, сямейным парам і будучаму дзіцяці неабходная цвёрдая дапамога, уключаючы ўсё грамадства, спрыяючы магчымасці маці, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, працягваць цяжарнасць і даверыць дзіця тым, хто можа гарантаваць яго развіццё”, - гаворыцца далей у звароце.

Папская акадэмія лічыць, што рашэнне Вярхоўнага суда ЗША, “у сітуацыі заходняга грамадства, якое губляе любоў да жыцця”, “з'яўляецца відавочным запрашэннем да сумеснага разважання над сур'ёзным і актуальным пытаннем шматдзетнасці і ўмоў, якія робяць яе магчымай; выбіраючы жыццё, мы бяром на сябе адказнасць за будучыню чалавецтва”.

Амерыканскі суд прыйшоў да высновы, што рашэнне з 1973 года было памылковым, паколькі ў амерыканскай Канстытуцыі асобна не прапісана права на аборт, і падтрымаў закон Місісіпі, які забараняе перарываць цяжарнасць пасля 15-га тыдня.
 

27 чэрвеня 2022, 11:58