Пошук

ілюстрацыйнае фота ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: касмічны турызм – гэта абуральная трата грошай

Ва ўмовах росту беднасці ў свеце “грахоўна дарагі” касмічны турызм, якім заняліся некаторыя мільярдэры, з'яўляецца “скандальнай тратай грошай”, - лічыць кардынал Крыстаф Шонбарн.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй калонцы ў бясплатнай аўстрыйскай газеце Heute, прысвечанай урачыстасці Унебаўшэсця Пана і азагалоўленай: “Неба – гэта мэта”, арцыбіскуп Венскі адзначыў, што сёння над Зямлёй існуе сапраўдная праблема: “Вакол нашай цудоўнай планеты кружыцца каля 8 500 тон касмічнага смецця”. Іерарх задаецца пытаннем: “Ці зваліцца ўсё гэта на нашы галовы калі-небудзь?”.

Кардынал адзначыў, што неба можа быць мэтай для людзей і іншым чынам, праз веру. Ён нагадаў, што праз сорак дзён пасля Вялікадня Езус быў узнесены на неба. “Ва ўсіх рэлігіях неба – гэта свет Божы. Надзея на жыццё без войнаў і хвароб, без мук і пакут прымушае многіх людзей верыць у неба”, - напісаў іерарх, задаючы пытанне: “Ці не з'яўляецца вера ў тое, што на небе ўсё будзе добра, “танным камфортам”?

“Біблія кажа, што наш дом знаходзіцца на нябёсах. Гэта дапамагае мне верыць. Я ведаю, што не магу мець усё ў гэтым жыцці і не павінен мець. Жыццё на зямлі – гэта падарожжа. Мэта – рай. Дзяліцца з іншымі, быць салідарным з іншымі, з тымі, хто мае патрэбу – гэта дарога вядзе ў рай. Езус прайшоў па ёй раней за нас”, - напісаў пастыр аўстрыйскай сталіцы.
 

26 мая 2022, 11:37