Пошук

Бежанцы на украінска-славацкай мяжы Бежанцы на украінска-славацкай мяжы 

ЕС разлічвае на альтэрнатыўныя каналы Святога Пасаду па Украіне

Тэма расійскага ўварвання ва Украіну дамінавала падчас візіту славацкага прэм'ер-міністра ў Ватыкан. Яго аўдыенцыя ў Францішка завяршылася супольнай малітвай за мір.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як паведаміў сам Эдуард Хегер, ён падзякаваў Папу за выразнае стаўленне да гэтага канфлікту. “Святы Айцец сказаў мне, што мы ніколі не павінны здавацца , трэба працягваць верыць у магчымасць заканчэння вайны”, - прызнаўся ён.

Гаворачы з журналістамі пасля аўдыенцыі, палітык паведаміў, што гаворка ішла пра спосабы выкарыстання ўсіх магчымых каналаў. Падчас сустрэчы ў Дзяржсакратарыяце кардынал П'етра Паралін цікавіўся стратэгіяй Еўрасаюза і Славакіі з улікам залежнасці ад паставак расійскага газу і нафты. Славацкі прэм’ер праінфармаваў яго аб перамовах па гэтым пытанні, якія нядаўна адбыліся ў Парыжы.

“Мы таксама гаварылі пра важную пазіцыю і ролю Святога Пасаду, таму што ён мае зусім іншыя каналы, чым краіны ЕС. Я рады, што Святы Пасад хоча дапамагчы ў гэтым, ведучы размовы з прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы, таму што гэта таксама спосаб паўплываць на спыненне расійскай агрэсіі ва Украіне”, - адзначыў Хегер.

Палітык праінфармаваў Папу аб становішчы бежанцаў у Славакіі і падзякаваў яму за вялікі ўдзел Касцёла ў арганізацыі дапамогі ахвярам вайны.
 

15 сакавіка 2022, 12:15