Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскія спачуванні пасля вывяржэння вулкана ў Інданезіі

Ад імя Папы кардынал П'етра Паралін накіраваў спачувальную тэлеграму пасля вывяржэння вулкана Семеру ў Інданезіі, у выніку якога загінулі 22 чалавекі, яшчэ 27 лічацца зніклымі без вестак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці запэўніў у салідарнасці Францішка з усімі, хто пацярпеў ад гэтага прыроднага катаклізму, і малітве за загінулых, параненых, перамешчаных, а таксама за службы экстраннай дапамогі і грамадзянскія ўлады, якія ўдзельнічаюць у ратавальнай аперацыі.

Вывяржэнне вулкана, размешчанага ў акрузе Лумаджанг на вышыні 3676 метраў, адбылося ў суботу, 4 снежня 2021 года. З прычыны дыму і попелу многія вёскі пагрузіліся ў цемру. У бяспечныя раёны эвакуіраваны каля тысячы чалавек. Выратаваны 10 гарнякоў, якія аказаліся заблакіраванымі ў шахце.

У Інданезіі, размешчанай у Ціхаакіянскім вогненным кальцы – зоне высокай сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці, – налічваецца каля 130 дзеючых вулканаў.
 

08 снежня 2021, 11:49