Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: суправаджэнне і паліятыўная тэрапія супраць суіцыду

Прымушэнне хворых пакончыць з жыццём не з’яўляецца правільным адказам на пакуты, - нагадала Папская акадэмія жыцця, каментуючы першы выпадак у Італіі, калі ўлады пагадзіліся на дапамогу ў самагубстве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

43-гадовы мужчына, паралізаваны 11 гадоў, які хоча пакончыць з сабой, спасылаецца на рашэнне Канстытуцыйнага суда ў 2019 г., які пастанавіў, што садзейнічанне самагубству не караецца. Камітэт па этыцы італьянскай медыцынскай службы прыйшоў да высновы, што ў гэтым канкрэтным выпадку ёсць паказанні на дапамогу ў самагубстве ў адпаведнасці з крытэрыямі, прадстаўленымі судом. Не хапае толькі юрыдычнай працэдуры, паводле якой павінна адбыцца ўмярцвенне пацыента.

Спасылаючыся на гэты выпадак, Папская акадэмія робіць агаворку, што ні пры якіх абставінах не павінны прымяншацца ні сур’ёзнасць сітуацыі, ні пакуты. Пытанне, аднак, у тым, ці самым правільным адказам на такую правакацыю з'яўляецца заахвочванне чалавека да самагубства. На думку Акадэміі, адказнасць грамадства за бліжніх можа праяўляцца іншым чынам, у першую чаргу праз суправаджэнне і паліятыўную тэрапію.

На гэта таксама ўказаў Вінчэца Басі, віцэ-старшыня Італьянскага саюза каталіцкіх юрыстаў. “Відавочна, што гэта не асуджэнне чалавека; ніхто не можа дазволіць сабе судзіць хворага чалавека, які адчайна хоча памерці. Я магу сабе ўявіць, што адна з прычын, па якой ён вырашаецца на смерць, – гэта адзінота. Непрыналежнасць да сеткі людзей і сем'яў можа выклікаць роспач. Няўдача заключаецца галоўным чынам у тым, што наша грамадства не ўмее быць побач з людзьмі і не ўмее паказаць каштоўнасць жыцця нават у такой складанай сітуацыі, калі хворы чалавек ужо не можа рухацца. Кожнае жыццё мае сэнс. Вядома, людзі могуць зразумець гэта і самі, але гэта не проста. Нам патрэбны іншыя, якія з дня ў дзень будуць даказваць, што жыццё мае вялікі сэнс. Калі гэтых інтымных адносін спачування і сяброўства не хапае, разуменне жыцця непазбежна губляецца, і, як следства, людзі могуць захацець памерці”, - пракаментаваў сітуацыю Vatican News італьянскі юрыст.
 

25 лістапада 2021, 11:04