Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: доступ да пітной вады – асноўнае права

Вада не павінна быць таварам, таму што яна з'яўляецца ўніверсальным сімвалам і крыніцай жыцця, - заявіў мансеньёр Джон Путцэр падчас 48-й сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Часовы павераны ў справах Місіі пастаяннага назіральніка Святога Пасаду ў ААН падкрэсліў, што доступ да пітной вады з'яўляецца адным з асноўных правоў чалавека, паколькі гаворка ідзе пра выжыванне і, такім чынам, пра ўмову для карыстання іншымі правамі.

Святар падкрэсліў, што гарантаванне санітарыі і чыстай вады ўсім людзям – адзін з найважнейшых элементаў папулярызацыі чалавечай годнасці, якая заўсёды была прыярытэтам Святога Пасаду. Ён спаслаўся на Даклад ААН па правах чалавека, які звяртае ўвагу на сур'ёзнасць глабальнага крызісу вады. Па словах ватыканскага дыпламата, праблему паглыбляюць камерцыялізацыя доступу да вады, змяненне клімату і пандэмія COVID-19.

Путцэр падкрэсліў, што мы ўсе нясём адказнасць за пераадоленне складанай сітуацыі і гарантаванне доступу да пітной вады і санітарыі кожнаму. "Гэта патрабуе сумесных і скаардынаваных намаганняў усіх дзяржаў-членаў", - сказаў ён.

Паводле ацэнак Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, даступнасць чыстай і бяспечнай пітной вады ў наступнае дзесяцігоддзе можа знізіцца на 40%. Да 2050 г. попыт на ваду падвоіцца, і больш за палову насельніцтва планеты будзе знаходзіцца пад пагрозай яе недахопу.
 

21 верасня 2021, 10:37