Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Славацкія СМІ падсумоўваюць візіт Францішка

Славацкія СМІ падсумоўваюць візіт Францішка ў краіну, які адбываўся 12-15 верасня 2021 г. Падкрэсліваецца, што Папа заклікае славакаў да веры, якая, “як сцвярджаюць некаторыя, аслабела”.

Ян Глінскі - Vatican News

Славацкая газета Denník N, спасылаючыся на словы Пантыфіка, адзначыла, што славакі “не павінны выхоўваць жорсткую рэлігійнасць, не павінны асуджаць і абвінавачваць іншых”, ім трэба “крэатыўна” адчытаць Евангелле, “весці дыялог са светам, з тымі, хто шукае, і з няверуючымі”. Пакорны Касцёл, як падкрэсліў Папа, не можа засяроджвацца на сабе, ён павінен “акунуцца ў рэальнае жыццё людзей”.

У сваіх прамовах, як каментуе Denník N, Францішак шмат казаў пра свабоду, якую славакі здабылі прайшоўшы праз пуcтыню камунізму. Прасцей крыху цыбулі, чым праца і рызыка, каб не страціць свабоду, адзначыў ён у прамове да духавенства ў братыслаўскай катэдры. А спакуса мець удосталь “цыбулі”, як адзначаецца ў славацкім выданні, усё яшчэ ёсць. Паводле журналістаў, “цёмныя сілы мафіі, карупцыі і несправядлівасці змагаюцца з ачышчэннем”, аднак “зерне надзеі, пасеянае падчас візіту, можа прарасці, калі мы будзем патрабаваць гэтага больш”.

На заканчэнне аўтар каментара ўзгадвае візіт Яна Паўла ІІ у тагачасную Чэхаславакію ў красавіку 1990 г. Прэзідэнт Вацлаў Гавел тады сказаў: “Я не ведаю, ці ведаю, што такое цуд. Нягледзячы на гэта, я адважваюся сцвярджаць, што ў гэтую хвіліну я ўдзельнічаю ў цудзе. Пасланнік любові прыбывае ў краіну, знішчаную ідэалогіяй нянавісці”. Парадаксальна, але сёння, пасля больш чым 30 гадоў свабоды, сучасны пасланнік любові і надзеі, магчыма, патрэбны больш, чым тады. Так падсумавала візіт Францішка ў Славакію газета Denník N.

Рэдакцыя партала Svet kresťanstva – Postoj, у сваю чаргу, засяродзілася на візіце Пантыфіка ў самы бедны раён краіны, які знаходзіцца непадалёк ад горада Кошыцэ і ў якім жывуць цыгане.

“Францішак сам выбраў Luník IX як месца свайго візіту. Прыбыў туды менавіта таму, што гэта адзін з самых бедных жылых раёнаў Славакіі, жадаючы сустрэцца з людзьмі, выкінутымі на перыферыю грамадства. Luník IX з’яўляецца сімвалам такога адкінутага грамадства”, – напісаў Postoj.
 

17 верасня 2021, 12:15