Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Каталіцка-праваслаўна-англіканскае пасланне аб будучыні планеты

У сумеснай дэкларацыі, якую падпісалі Францішак, Барталамей І і архіепіскап Джасцін Уэлбі прапануецца перагледзець кіраванне рэсурсамі ў адпаведнасці з крытэрыямі ўстойлівасці, а не прыбытку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфік, Патрыярх Канстантынопальскі і Архіепіскап Кентэрберыйскі ўпершыню сумесна выказваюць заклапочанасць будучыняй планеты, звяртаюць увагу на актуальнасць экалагічнай устойлівасці і важнасць глабальнага супрацоўніцтва.

Тэкст пачынаецца з напаміну пра тое, што ўсё і ўсе на Зямлі ўзаемазвязаны і што менавіта пандэмія звярнула на гэта ўвагу. "Мы не можам марнаваць момант. Мы павінны вырашыць, які свет мы хочам пакінуць будучым пакаленням. Мы павінны рашыцца жыць па-іншаму; мы павінны выбраць жыццё", - адзначылі аўтары.

Іерархі прапанавалі чалавецтву быць дальнабачным, не спакушацца кароткатэрміновымі і “недарагімі” рашэннямі. Тры лідары нагадалі, што папярэднія і сённяшнія пакаленні працавалі на павелічэнне прыбытку за кошт будучых пакаленняў. Яны адзначылі, што калі з аднаго боку тэхналогія адкрыла новыя магчымасці для прагрэсу, з другога, прымусіла забыцца пра іншых людзей і абмежаванні планеты.

Аўтары часта вяртаюцца да канцэпцыі, паводле якой змяненне клімату – не толькі будучая праблема, але і пытанне выжывання сёння. Яны нагадалі пра ўсё больш і больш частыя пажары, цыклоны, павышэнне ўзроўню мора, падзеі, якія дэстабілізуюць не толькі бедныя краіны, але і развітыя з прамысловага пункту гледжання. Страта біяразнастайнасці, дэградацыя навакольнага асяроддзя і змяненне клімату – непазбежныя наступствы дзеянняў чалавека, які спажывае рэсурсы Зямлі больш, чым яна можа вытрымаць.

Людзі, якія на сабе адчуваюць самыя катастрафічныя наступствы гэтых злоўжыванняў, гэта бедныя, найменш адказныя за іх. Кажучы больш канкрэтна, па-евангельскі, чалавецтва павінна вярнуцца да аднаўлення запавету з Богам-Стварыцелем.

У сумесным пасланні хрысціянскіх лідараў гучыць просьба аб больш цесным супрацоўніцтве паміж Цэрквамі на карысць абароны стварэння. “Разам, як супольнасці, Цэрквы, гарады і народы, мы павінны змяніць курс і адкрыць новыя шляхі, працаваць разам, каб разбурыць традыцыйныя бар'еры паміж народамі, спыніць канкурэнцыю за рэсурсы і пачаць супрацоўніцтва”, - напісалі Францішак, Барталамей І і архіепіскап Джасцін Уэлбі.
 

07 верасня 2021, 13:56