Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Caritas: Афганістан патрабуе міжнароднай салідарнасці

“Ніхто не хоча пакідаць Афганістан – гэта занадта ўмілаваная і прыгожая зямля, каб заставацца пакінутай, і асабліва гэта датычыць яе жыхароў”, - адзначыў кіраўнік міжнароднага аддзела італьянскага Caritas.

Ян Глінскі - Vatican News

Па словах Паола Бэчэгата, акрамя спынення ўнутраных канфліктаў, важна, каб мясцовыя ўлады стварылі ўмовы для далейшай знешняй дапамогі жыхарам Афганістана.

На сёння, як сцвердзіў прадстаўнік каталіцкай дабрачыннай арганізацыі, асаблівае хваляванне выклікае жаданне мясцовых грамадскіх лідараў пакінуць краіну, а яны часта з’яўляюцца адзінай падтрымкай для бедных.

Умовамі для аказання гуманітарнай дапамогі Афганістану ў доўгатэрміновай перспектыве Бэчэгата назваў спыненне ўнутранага канфлікту, адкрытасць ураду талібаў на знешнюю падтрымку, а таксама магчымасць свабодна пакідаць краіну кожнаму, хто гэтага захоча.

На працягу дзесяцігоддзяў Пакістан і Іран даюць прытулак афганскім уцекачам, у той час як паўночныя краіны – Туркменістан, Узбекістан, Таджыкістан і Кітай – у гэтыя дні закрываюць свае межы, што зробіць немагчымым нават легальныя ўцёкі.

На думку Паола Бэчэгата, калі міжнародная супольнасць не дапаможа гэтым краінам у арганізацыі гуманітарных калідораў і рэлакацыі ў іншыя краіны, то відавочна, што нельга ад іх патрабаваць, каб узялі на сябе цяжар прыняцця чарговых бежанцаў.

“Мы кажам не пра сотні тысяч, а пра мільёны людзей, – падкрэсліў намеснік дырэктара італьянскага Caritas. – Не будзем забываць і пра Балканскую мяжу, дзе тысячы ўцекачоў, у тым ліку афганцаў, застаюцца паміж дзвюма краінамі”.

“Увесь гэты сцэнар з’яўляецца глабальным выклікам для Еўрасаюзу, але не толькі. Гэта трэба вырашаць на глабальным узроўні”, - сцвердзіў Паола Бэчэгата.
 

03 верасня 2021, 11:54