Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: перамагчы расізм культурай сустрэчы

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у сустрэчы высокага ўзроўню, якая прайшла ў ААН з нагоды 20-годдзя Дурбанскай дэкларацыі і Праграмы дзеянняў па барацьбе з расавай дыскрымінацыяй.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі ў сваім выступленні заўважыў, што расізм “грунтуецца на памылковым і злавесным сцвярджэнні пра тое, што адзін чалавек можа мець меншую годнасць, чым іншы”. Такое меркаванне “ігнаруе дух братэрства і праўду, сканцэнтраваную на тым, што кожны чалавек нараджаецца свабодным і з роўнымі правамі”, - дадаў ён.

Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на сітуацыю шматлікіх бежанцаў і мігрантаў, якія, прыбываючы ў новыя краіны, сустракаюцца з праявамі расізма, ксенафобіі, дыскрымінацыі і нецярпімасці, а не з падтрымкай, у якой маюць патрэбу. Дыпламат заклікаў умацаваць намаганні, накіраваныя на барацьбу з гэтымі з’явамі, падкрэсліваючы, што “расізм магчыма і трэба перамагаць культурай сустрэчы, братэрства і салідарнасці”.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў таксама пра факт парушэння рэлігійнай свабоды і пераследу людзей за іх веру, што становіцца прычынай парушэння іншых правоў чалавека. “У апошнія гады мы назіралі ўсеагульны рост рэлігійнага пераследу з боку дзяржаўных і недзяржаўных актораў”, дыскрымінацыю і “беспакаранасць” адказных за гэтыя дзеянні, - сказаў іерарх. Існуе небяспека таго, што “некаторыя рэлігійныя меншасці, сярод якіх таксама хрысціяне, якія з’яўляюцца найбольш пераследаванай групай на глабальным узроўні”, знікнуць, - папярэдзіў ён.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў таксама пра “падступную еўгенічную практыку”, якая часта хавацца “за тэхнікамі дапаможнай рэпрадукцыі і цёмнымі бакамі дародавай дыягностыкі”. У іх аснове знаходзіцца ментальнасць, якая грунтуецца на ідэі пра існаванне людзей меншай каштоўнасці па прычыне іх інваліднасці, полу ці іншых прыкмет, што часта прыводзіць да адмаўлення ім у праве на жыццё. “Такі лад мыслення ўтрымлівае прынцыпы дыскрымінацыі, знаходзячыся ў супярэчнасці з Дурбанскай дэкларацыяй, і таму не можа ігнаравацца”, - заўважыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
 

23 верасня 2021, 12:18