Кардынал Бешара Бутрас Раі Кардынал Бешара Бутрас Раі 

Ліван: ахвяры заклікаюць да стойкасці, а не да ўцёкаў

“4 жніўня мінулага года Езус быў з намі на крыжы, а сёння заклікае нас да ўваскрасення”, - сказаў падчас св. Імшы ва ўспамін ахвяр выбуху ў бейруцкім порце кардынал Бешара Бутрас Раі.

Ян Глінскі - Vatican News

Мараніцкі Патрыярх падкрэсліў, што кошт крыві 207 смяротных ахвяр, 6,5 тыс. параненых, знішчэння паловы сталіцы і пакут соцень людзей, якія страцілі свае дамы і маёнтак, з’яўляецца бясцэнным. Ён заклікаў удзельнікаў пратэстаў пазбягаць насілля, абразлівых слоў, атакавання ўстаноў, дзяржаўнай і прыватнай маёмасці, а таксама нападу на армію і сілы бяспекі.

Як падкрэсліў іерарх, каштоўнасць памяці заключаецца ў тым, што яна з’яўляецца шляхам да будучыні. “Зямля ў гэтым месцы будзе дрыжаць, пакуль мы не даведаемся праўды пра тое, што здарылася ў порце ў Бейруце. Дзяржава абавязана сказаць праўду не толькі сем’ям ахвяр, параненым і пацярпелым, але кожнаму ліванцу, пакаленням ліванцаў, гісторыі, будучыні і сумленню”, - дадаў мараніцкі патрыярх.

Кардынал заклікаў судовыя ўстановы да рашучага ўмяшання, каб вінаватыя панеслі адказнасць. Іерарх нагадаў таксама, што ліванцы жывуць у найпрыгажэйшай краіне, нягледзячы на тое, што перажывае яна самыя цёмныя і жахлівыя старонкі гісторыі пры найгоршай уладзе.

“Мы не хочам больш войнаў. Возьмем курс на свабоду і мір”, - падкрэсліў кардынал Раі. Іерарх дадаў, што ахвяры выбуху ўжо цэлы год заклікаюць ліванцаў да стойкасці, а не да ўцёкаў з краіны. Стойкасць, як дадаў ён, сама па сабе з’яўляецца перамогай над трагедыяй.
 

06 жніўня 2021, 10:56