Пасля выбуху бензавоза ў рэгіёне Акар Пасля выбуху бензавоза ў рэгіёне Акар  

Цэрквы папярэджваюць аб небяспецы распаду Лівана

Калі не прыняць цвёрдых мер, існуе небяспека канчаткова распаду грамадства і дзяржавы, - папярэдзіла Экуменічная рада блізкаўсходніх Цэркваў (MECC), рэагуючы на сітуацыю ў Ліване.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле аўтараў заявы, чарговы пераломны момант наступіў 15 жніўня 2021 г., пасля выбуху бензавоза ў рэгіёне Акар на поўначы Лівана, выніку чаго загінулі 28 чалавек, 79 атрымалі раненні, некалькі лічацца прапаўшымі без вестак. "Сітуацыю можна ахарактарызаваць як амаральную і непрымальную. Яна патрабуе надзвычайных мер", - гаворыцца ў рэлізе.

У той жа час сярод ліванцаў у Акары і ў іншых месцах краіны назіраецца надзвычайная салідарнасць. "Гэта гаворыць аб тым, што ёсць яшчэ каштоўнасці і чалавечая годнасць, якія можна захаваць для шматабяцальнай будучыні", - падкрэслілі прадстаўнікі экуменічнай рады.

Між тым, кардынал Бешара Раі перасцярог ад палітычнай і канфесійнай інструменталізацыі трагедыі ў рэгіёне Акар. Мараніцкі Патрыярх папярэдзіў, што катастрофа можа быць выкарыстана для правакавання “яшчэ больш балючых падзей, якія Ліван і яго народ не змогуць перажыць”. Ён заклікаў палітыкаў і органы бяспекі ўзяць сітуацыю пад кантроль.
 

19 жніўня 2021, 12:03