Наступствы землятрусу на Гаіці Наступствы землятрусу на Гаіці 

Біскуп з Гаіці: землятрус знішчыў палову касцёлаў

Трагічныя наступствы землятрусу на Гаіці працягваюць расці. Ужо вядома пра больш чым 2 тыс. загінулых, 12 тыс. параненых і каля 600 тыс. сем’яў, якія маюць патрэбу ў ежы і медыцынскай дапамозе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Сітуацыя драматычная, без міжнароднай дапамогі мы не акрыяем ад гэтай трагедыі”, - сказаў у інтэрв’ю Vatican News біскуп П’ер Андрэ Дзюма, пастыр дыяцэзіі Анс-а-Ву і Мірагоана, тэрыторыя якой найбольш пацярпела ад землятрусу. “70% жылых дамоў і палова ўсіх касцёлаў знішчаны. Моцна пацярпелі школы і бальніцы. Ратавальнай аперацыі, якая праходзіць на Гаіці, моцна перашкаджае бура”, - заўважыў іерарх.

“Гэта вельмі цяжкі час, час выпрабаванняў. Мы павінны жыць з верай і салідарнасцю, але нам патрэбна канкрэтная дапамога. У нашай дыяцэзіі сем з дзесяці дамоў зраўнаны з зямлёй. Мы дагэтуль не ведаем пра сітуацыю ў горных вёсках, адрэзаных ад свету. Людзям патрэбна практычна ўсё: ежа, лекі і нават вада”, - распавёў біскуп Дзюма.

“Мы звярнуліся таксама да іншых краін з просьбай прыслаць дактароў і медсясцёр. Самі гаіцяне падтрымліваюць адзін аднаго, наколькі могуць. Мы спрабуем адказваць на гэту сітуацыю ў духу салідарнасці, дзелячыся ўсім, што маем. Нашы святары і манахіні дапамагаюць, становячыся маленькімі знакамі надзеі для людзей і паказваючы, што Бог не пакінуў свой народ”, - дадаў біскуп.

Работнікі няўрадавых структур, якія дзейнічаюць на Гаіці, распавялі пра тое, што аказанне дапамогі пацярпелым абцяжарваецца дзейнасцю арганізаваных злачынных груп, якія кантралююць асноўныя пад’яздныя шляхі да сталіцы Гаіці. У драматычнай сітуацыі апынуліся шматлікія дзеці, - заўважыў Андрэа Якаміні з UNICEF Italia.

“Зараз на вуліцах не менш за паўмільёна дзяцей. Яны блукаюць у вадзе і брудзе і літаральна не маюць нічога. Яны бачылі, як разбураюцца іх дамы і гінуць іх бацькі. Ім тэрмінова неабходны прытулак. У нас атрымалася паставіць намёты пры дабрачынных цэнтрах, але гэта толькі часовае рашэнне”, - сказаў Якаміні, падкрэсліваючы, што наступствы землятрусу дадаліся да вельмі цяжкой сітуацыі з пандэміяй каронавіруса на Гаіці.

15 жніўня 2021 г. Францішак заклікаў міжнародную супольнасць да салідарнасці з насельніцтвам Гаіці. “Узносячы да Пана маю малітву за загінулых, скіроўваю словы падтрымкі тым, хто выжыў, і выказваю пажаданне, каб іх дасягнула дзейсная зацікаўленасць міжнароднай супольнасці: салідарнасць усіх можа аблегчыць наступствы трагедыі”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў да малітвы за насельніцтва гэтай краіны.
 

20 жніўня 2021, 09:58