Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік атрымлівае словы падтрымкі з розных частак свету

Пажаданні здароўя Святому Айцу даслалі многія рэлігійныя і палітычныя лідары з розных частак свету. Вечарам 4 ліпеня 2021 г. Папа перанёс планавую аперацыю на кішэчніку.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Аднымі з першых свае пажаданні хуткага выздараўлення Пантыфіку даслалі Прэзідэнт Італіі Сэрджа Матарэла і Прэм’ер-міністр Італіі Марыё Драгі. Канферэнцыя Біскупаў Італіі і вікарыят Рымскай дыяцэзіі ад імя вернікаў выказалі блізкасць Францішку і запэўнілі ў малітве аб яго хутчэйшым выздараўленні.

Свае думкі да Святога Айца скіраваў суніцкі лідар Ахмед Эль-Таеб, Вялікі імам каірскага ўніверсітэта Аль-Азхар, які ў адмысловым твіт-паведамленні назваў Папу “дарагім братам” і пажадаў яму як мага хутчэй “вярнуцца да выканання сваёй місіі на карысць чалавецтва”. У сваёй малітве Францішка запэўніла англіканская і юдэйская супольнасці Рыма.

Аб малітве за здароўе Святога Айца заклікаў насельніцтва Нігерыі Прэзідэнт гэтай краіны Махамаду Бухары. Пасланні прыйшлі таксама з Мальты і Венесуэлы. У прыватнасці Нікалас Мадура ад імя венесуэльскага народа даверыў Пантыфіка заступніцтву бл. Хасэ Грыгорыя Эрнандэса Цыснераса, лекара, беатыфікаванага ў красавіку 2021 г. у Каракасе.

 

05 ліпеня 2021, 12:07