Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Рэлігіі Еўропы разам імкнуцца абараніць месцы культу ад нападаў

Хрысціяне, юдэі, мусульмане і будысты рыхтуюць сумесны праект, накіраваны на бяспеку месцаў культу. Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў абвясціла, што Еўракамісія вылучыла на гэтыя мэты 3 мільёна еўра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гаворка ідзе пра першы досвед такога супрацоўніцтва рэлігійных арганізацый. Генеральны сакратар Канферэнцыі, пастар Ёрген Скаў Сёрэнсэн растлумачыў, што прычынай такой ініцыятывы сталі шматлікія напады на месцы малітвы ў апошнія гады.

Разам з экуменічнай Канферэнцыяй Еўрапейскіх Цэркваў, у праекце бяруць удзел: Цэнтр бяспекі і крызісаў Еўрапейскага яўрэйскага кангрэса, Faith Matters – арганізацыя, якая займаецца барацьбой з экстрэмізмам, і Еўрапейскі будысцкі саюз.

Двухгадовы праект "Больш бяспечныя і моцныя супольнасці ў Еўропе" (Safer and Stronger Communities in Europe - SASCE) накіраваны на павышэнне бяспекі месцаў культу, унутры рэлігійных супольнасцей і паміж групамі. Яго плануюць рэалізаваць праз трэнінгі па бяспецы і грамадскія кампаніі, а таксама праз умацаванне даверу і супрацоўніцтва паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладамі.
 

08 мая 2021, 10:48