Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа заклікаў маліцца за Калумбію, жыхароў Гомы і вернікаў Кітая

23 мая 2021 г., падчас малітвы Regina Caeli Францішак заклікаў маліцца за Калумбію, жыхароў горада Гома ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і кітайскіх католікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Даручаю вашай малітве сітуацыю ў Калумбіі – яна працягвае турбаваць. У гэтую Пяцідзясятніцу малюся, каб дарагія калумбійцы ведалі, як прыняць дары Духа Святога, каб праз сур'ёзны дыялог умець знайсці справядлівыя рашэнні для многіх праблемы, якія асаблівым чынам датычацца самых бедных і ўразлівых груп. Каб паспрыяць такому дыялогу, улічваючы нязручнасці, выкліканыя пандэміяй, заклікаю ўсіх, з гуманітарных прычын, пазбягаць паводзін, шкодных для людзей падчас рэалізацыі імі права на мірны пратэст" - сказаў Францішак.

Ужо некалькі тыдняў калумбійцы пратэстуюць супраць абвешчанай урадам падатковай рэформы. У выніку масавых беспарадкаў загінулі 47 чалавек, паведамляецца пра 1876 выпадкаў насілля з боку паліцыі.

Папа таксама заклікаў да малітвы за жыхароў Гомы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, дзе актывізаваўся вулкан Ніірагонга. Улады загадалі эвакуіраваць горад.

Францішак таксама нагадаў, што 24 мая будзе адзначацца свята Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, якая асаблівым чынам ушаноўваецца ў Кітаі, у санктуарыі Маці Божай у Шэшан, недалёка ад Шанхая. Святы Айцец заклікаў суправаджаць хрысціян у Паднябеснай гарачай малітвай.

Сусветны дзень малітвы ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі быў устаноўлены ў 2007 г. па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI.

23 мая 2021, 13:23