Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  

Арцыбіскуп Галахер: у барацьбе са злачыннасцю патрэбны гуманізм

Прававая дзяржава, папярэджванне злачыннасці і крымінальнае правасуддзе “павінны ісці ўпоравень”, перакананы Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер звярнуўся з відэапасланнем да ўдзельнікаў XIV Кангрэса ААН па папярэджванні злачыннасці і крымінальным правасуддзі, які адкрыўся 7 сакавіка 2021 г. у японскім Кіёта.

У сваёй прамове іерарх нагадаў, што “прадухіленне злачынстваў і адэкватны адказ на іх непасрэдна суадносіцца з павагай і абаронай універсальных правоў чалавека, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях”.

Пры гэтым ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што “папярэджванне злачыннасці не павінна зводзіцца да яго карных аспектаў”, і нагадаў словы папы Францішка адносна таго, што “трэба рабіць усё магчымае, каб выпраўляць, паляпшаць і выхоўваць чалавека”.

Іерарх выказаў перакананне, што сістэмы крымінальнага права павінны кіравацца двума асноўнымі прынцыпамі: “прынцыпам абачлівасці, каб пазбегнуць умяшання ў фундаментальныя правы і свабоды чалавека”, і “прынцыпам pro homine, пакліканым заўсёды абараняць годнасць чалавечай асобы”. Апошні прадугледжвае, між іншым, прымяненне судовымі, заканадаўчымі і выканаўчымі ўладамі норм, найбольш спрыяльных для асобы або супольнасці.

Сваё відэапасланне арцыбіскуп Галахер завяршыў спасылкай на заклік Святога Айца да “гуманнай, па-сапраўднаму прымірыцельнай справядлівасці, якая б вяла злачынцу праз выхаваўчы працэс і мужнае пакаянне да рэабілітацыі і поўнага вяртання ў супольнасць”.

Кангрэс ААН па папярэджванні злачыннасці і крымінальным правасуддзі – найбольш важная сусветная сустрэча палітыкаў, спецыялістаў, акадэмікаў, прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацый і грамадзянскай супольнасці, занятых у адпаведнай сферы дзейнасці.

Форум праводзіцца раз на пяць гадоў. Сёлетні сход быў першапачаткова запланаваны на красавік 2020 г., аднак пандэмія каронавіруса вымусіла арганізатараў перанесці мерапрыемства на больш позні час. Па выніках Кангрэса, які завяршыцца 9 сакавіка 2021 г., плануецца падпісанне сумеснай Дэкларацыі, якая будзе прадстаўлена на вывучэнне адпаведнай Камісіі ААН.
 

09 сакавіка 2021, 08:38