Атамная электрастанцыя ў Фукусіме Атамная электрастанцыя ў Фукусіме 

Арцыбіскуп Нагасакі пра 10-годдзе аварыі на Фукусіме

Праз дзесяць гадоў пасля трагедыі на Фукусіме трэба ўзвесці нанова не толькі будынкі, але таксама супольнасці і сем’і, і гэтаму спрыяе Каталіцкі Касцёл у Японіі, - заўважыў арцыбіскуп Нагасакі.

11 сакавіка 2011 г. цунамі, выкліканае землятрусам магнітудай 9,0, абрынулася на ўзбярэжжа Японіі, паглынуўшы тысячы дамоў, аўтамабіляў, прывёўшы да пажараў і пашкодзіўшы тры рэактары атамнай электрастанцыі. Ад наступстваў катастрофы загінулі каля 19 тыс. чалавек, тысячы жыхароў рэгіёну пакутуюць ад анкалагічных захворванняў, выкліканых радыяцыяй.

Арцыбіскуп Джозэф Такамі распавёў Vatican News, што каля 40 тыс. чалавек, якія пасля трагедыі апынуліся без даху над галавой, дагэтуль не маюць уласнага жылля. Зніклымі без вестак лічацца больш за 2,5 тыс. асоб.

За дзесяць гадоў улады накіравалі на аднаўленне інфраструктуры і барацьбу з наступствамі катастрофы каля 250 млрд еўра. Але, паводле іерарха, важным заданнем застаецца аднаўленне супольнасцей і сем’яў, бо шмат людзей пакінулі рэгіён і больш не вярнуліся. З вялікімі цяжкасцямі сутыкнуліся мясцовыя рыбакі і фермеры, бо прынамсі 15 краін адмовіліся купляць рыбу і сельскагаспадарчыя прадукты з гэтай часткі Японіі.

Арцыбіскуп заўважыў, што пасля катастрофы на Фукусіме ў грамадстве змяніліся адносіны да атамнай энергетыкі. Паводле апытанняў, толькі каля 10% насельніцтва лічыць неабходным захаванне атамных электрастанцый, у той час як 40% выступае за іх паступовае закрыццё і каля 10% – за неадкладнае. Большасць японцаў жадае шырокага выкарыстання аднаўляльнай і экалагічнай энергіі.

У 10-ю гадавіну аварыі на Фукусіме па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Японіі адбудзецца малітва і хвіліна маўчання ў памяць аб ахвярах катастрофы.
 

11 сакавіка 2021, 11:47