Момант перадачы медыцынскага абсталявання ў рамках акцыі Папа для Украіны Момант перадачы медыцынскага абсталявання ў рамках акцыі Папа для Украіны  

Папа для Украіны – чарговы пакет дапамогі

Ва ўкраінскім Марыупалі, горадзе на Азоўскім моры, на мяжы зоны канфлікту на Данбасе, Біскуп Харкаўска-Запарожскі Павел Ганчарук перадаў чарговую частку дапамогі ў рамках праекта Папа для Украіны.

На гэты раз гаворка ідзе пра спецыялізаванае медыцынскае абсталяванне коштам 25 тыс. еўра для мікраскапічнай хірургіі і аналізу крыві ў мясцовай дзіцячай бальніцы. Біскуп нагадаў пра ўважлівыя адносіны Святога Айца да хворых і тых, хто пакутуе і знаходзіцца ў патрэбе.

Ад імя бальніцы дапамогу атрымала яе кіраўнік Наталля Сідарэнка. Падзякаваўшы Францішку і Каталіцкаму Касцёлу за падтрымку, яна падкрэсліла велізарную каштоўнасць атрыманага абсталявання.

Праект Папа для Украіны быў запушчаны ў чэрвені 2016 г. Да яго рэалізацыі былі прыцягнуты мясцовыя Касцёлы ўсіх еўрапейскіх краін, якія сабралі 16 млн еўра. Гэта дазволіла аказаць гуманітарную, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу больш як мільёну чалавек на ўсходзе Украіны.

Узброены канфлікт на Данбасе пачаўся ў сакавіку 2014 г. і на сённяшні дзень па афіцыйных дадзеных забраў 14 тыс. жыццяў. Нягледзячы на падпісаныя пагадненні, працягваюцца ўзаемныя абстрэлы, у выніку якіх гінуць людзі, павялічваецца колькасць параненых. Складаную гуманітарную сітуацыю пагоршыла цяперашняя пандэмія.
 

26 лютага 2021, 12:06