Кардынал П'етра Паралін у Камеруне Кардынал П'етра Паралін у Камеруне 

Дзяржсакратар дапамагае пракласці шлях да міру ў Камеруне

Пад знакам паразумення і дыялогу прайшоў візіт кардынала П'етра Параліна ў Камерун. Пасрэдніцтва Дзяржсакратара павінна дапамагчы стрымліванню гвалту і наладжванню перамоў з сепаратыстамі.

Іерарх прызнаўся, што яго сямідзённы візіт быў выразам клопату Папы пра Афрыку. Падчас шматлікіх сустрэч, як касцёльных, так і палітычных, ён запрашаў да навядзення мастоў і нагадваў пра неабходнасць павагі да асноўных правоў чалавека. Ватыканскі дыпламат таксама звяртаў увагу на недастатковасць проста заклікаў да міру: трэба будаваць яго трывала і цярпліва, абапіраючыся на асновы дыялогу і справядлівасці.

Кардынал наведаў, між іншым, горад Баменда, які знаходзіцца ў англамоўнай частцы Камеруна і з'яўляецца полем крывавых аперацый сепаратыстаў. Яны неахвотна пагадзіліся на візіт прадстаўніка Святога Пасаду. Абвінавачваючы Касцёл у тым, што ён не прыслухоўваецца да іх прэтэнзій і выступае на баку афіцыйных уладаў, яны заклікалі мясцовае насельніцтва байкатаваць любыя мерапрыемствы, звязаныя з прысутнасцю Дзяржсакратара Яго Святасці. Яны таксама затрымалі арцыбіскупа-эмерыта Дуалу, 90-гадовага кардынала Крысціяна Тумі, які накіроўваўся ў Баменду для ўдзелу ў цырымоніі.

Сітуацыя на паўночным захадзе Камеруна пагоршылася ў канцы 2016 г., калі сепаратысты з гэтак званай Рэспублікі Амбазоніі абвясцілі незалежнасць ад усходняй, бяднейшай часткі краіны. Трэба адзначыць, што з самага пачатку Касцёл выкрываў парушэнні правоў чалавека з абодвух бакоў канфлікту і імкнуўся да ўзаемаразумення і міру.
 

03 лютага 2021, 11:34