Пошук

Vatican News
Амерыканскі Капітолій. Ілюстрацыйнае фота Амерыканскі Капітолій. Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Біскупы ЗША супраць так званага Закону аб роўнасці

Біскупы Злучаных Штатаў пратэстуюць супраць так званага Закону аб роўнасці палоў, які плануецца прагаласаваць на гэтым тыдні ў ніжняй палаце парламента.

Аўтары Закона сцвярджаюць, што ён павінен абараніць людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі або парушэннямі гендарнай ідэнтычнасці ад дыскрымінацыі. Але фактычна, навязвае новы і супярэчлівы погляд на розніцу палоў, - падкрэслілі біскупы.

Сумесны ліст у Кангрэс ЗША быў напісаны старшынямі пяці камісій епіскапату ЗША: па рэлігійнай свабодзе, абароне жыцця, сужэнства, каталіцкай адукацыі і нацыянальнай юстыцыі.

Іерархі адзначылі, што павага да годнасці кожнага чалавека з'яўляецца для католікаў галоўным прынцыпам іх веры. Таму Касцёл выступае супраць любой дыскрымінацыі і падтрымлівае ўсе законы, якія паважаюць чалавечую годнасць.

Між тым, як падкрэсліваюць прадстаўнікі епіскапату, узгаданы законапраект дыскрымінуе вернікаў і прычыняе юрыдычную і сацыяльную шкоду амерыканцам. Ён нанясе ўдар па рэлігійным дабрачынным арганізацыям і, такім чынам, па тысячам людзей, якія карыстаюцца іх дапамогай. Прымусіць людзей і арганізацыі прапагандаваць “змену полу”. Дзяўчаты і жанчыны будуць вымушаны спаборнічаць у спорце з біялагічнымі хлопцамі і мужчынамі, якія ідэнтыфікуюць сябе з жанчынамі. Шмат хто не зможа рэалізаваць прафесійныя памкненні проста таму, што застанецца верным сваім перакананням адносна сужэнства і сексуальнасці.

Біскупы нагадалі, што Каталіцкі Касцёл у ЗША служыць мільёнам людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, і з'яўляецца самай буйной няўрадавай дабрачыннай установай. Пры гэтым ён прытрымліваецца той жа канцэпцыі чалавека і яго непарушнай годнасці, што выяўляецца ў яго поглядах на жыццё, сужэнства і сексуальнасць. Па гэтай прычыне ён выступае супраць так званага Закону аб роўнасці.
 

25 лютага 2021, 11:41