Мухамад Абдэль Салам з Францішкам Мухамад Абдэль Салам з Францішкам 

Абдэль Салам: чалавечае братэрства – вынік адказнай салідарнасці

“Чалавецтва ўсвядоміла важнасць братэрства для будаўніцтва адносін і будучыні пакаленняў”, - перакананы Мухамад Абдэль Салам, сакратар Камітэта па практычным ажыццяўленні “Дэкларацыі аб братэрстве”.

Напярэдадні Міжнароднага дня чалавечага братэрства, які будзе ўпершыню сусветна адзначацца 4 лютага 2021 г., суддзя Абдэль Салам, былы саветнік Вялікага імама Ахмеда Эль Таеба, падзяліўся з Vatican News сваім бачаннем сэнсу і міратворчага патэнцыялу новага свята.

На яго думку, Рэзалюцыя ААН ад 21 снежня 2020 г. аб зацвярджэнні Міжнароднага дня чалавечага братэрства была падпісана “ў вельмі далікатны момант”, калі чалавецтва сутыкнулася з крызісам, выкліканым пандэміяй, у дадатак да эскалацыі насілля і нянавісці, якая назіраецца ў свеце.

“Важнасць дакумента заключаецца ў тым, што ён ператварае чалавечае братэрства ў адказную салідарнасць сусветнага характару”

, - перакананы Абдэль Салам.

Па яго словах, з моманту падпісання “Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі” дакумент атрымаў шмат цікавых і карысных практычных увасабленняў, ініцыяваных рэлігійнымі лідарамі і міжнароднымі арганізацыямі. У якасці прыкладу Абдэль Салам узгадаў заснаваны ў ААЭ “Гуманітарны горад Эміратаў”, які, не дапускаючы ніякай дыскрымінацыі, прымае і аказвае дапамогу жыхарам розных краін, закранутых пандэміяй каронавіруса, і высылае дапамогу ў розныя куткі свету, незалежна ад тамашняга палітычнага рэжыму.

“Нават калі некаторыя ўсё яшчэ выказваюць скептыцызм адносна магчымасці пабудаваць братэрства і ўспрымаюць гэтыя намаганні як далёкія ад рэчаіснасці, жывая мадэль, увасобленая імамам Эль Таебам і папам Францішкам, – мадэль чалавечага братэрства і сусветнага адзінства паміж двума найбольш значнымі рэлігійнымі лідарамі, якіх адрозніваюць мова, нацыянальнасць, культура і, канешне, рэлігія і якія, тым не менш, знаходзяць паразуменне ў любові, суіснаванні і сумеснай працы на карысць чалавецтва, – служыць практычным адказам усім тым, хто лічыць, што гэты дакумент немагчыма ажыццявіць”, - сказаў Абдэль Салам.

Міжнародны дзень чалавечага братэрства быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у Рэзалюцыі ад 21 снежня 2020 г. Святкаваць яго вырашана штогод 4 лютага: менавіта ў гэты дзень у 2019 г. Папа і Вялікі імам Аль-Азхар падпісалі сумесную “Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні”.
 

02 лютага 2021, 14:26