Пошук

Францішак падчас выступлення ў Еўрапарламенце. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас выступлення ў Еўрапарламенце. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: ЕС патрэбны адзіны механізм прыёму мігрантаў

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі лічыць, што Еўропе патрэбны агульны механізм пераразмеркавання мігрантаў.

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у інтэрв’ю іспанскаму часопісу Palabra звярнуў увагу на ўзмацненне міграцыйнага крызісу. Ён падкрэсліў, што неабходна распрацаваць агульныя правілы Еўрапейскага Саюза і яго дзяржаў-членаў адносна размеркавання бежанцаў, якія дабіраюцца да Еўропы, і выпрацаваць пагадненне аб адзіным механізме прыёму мігрантаў асобнымі краінамі, напрыклад, у адкрытым моры, а таксама аб іх магчымым вяртанні ў краіны паходжання.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на тое, што ў апошнія гады Еўрасаюз занадта шмат засяроджваецца на эканамічных пытаннях. Ён адзначыў, што неабходна больш акцэнтаваць увагу на чалавечай асобе і адраджэнні Еўропы як супольнасці.

Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што ў цяжкі час пандэміі і санітарных абмежаванняў, якія датычаць, напрыклад, правядзення набажэнстваў, адным з пазітыўных зрухаў з’яўляецца супрацоўніцтва большасці хрысціянскіх супольнасцей з мясцовымі ўладамі ў барацьбе з COVID-19. Ён заявіў, што гэта хутчэй доказ сталасці сумлення вернікаў і сапраўднай важнасці Касцёла ў грамадстве, а не праяўленне яго слабасці.
 

03 снежня 2020, 12:20